У супроцьлеглы саду бок глядзеў - управа.
Быў скрозь травой заросшы гай стары, радкавы.
Як па кілімах, ля бярозак беластвольных
Пад навессю шатреў зялёных і прывольных
Снавалі постаці. Нагадвалі іх рухі
То танцы дзіўныя, то нейкіх дзіўных духаў
Блуканне ў блясках месяца. Адны у чорных
І цесных вопратках, другія ў больш прасторных
І белых, быццам снег. Той з голай галавою,
Той пад брылём шырокім, тыя, бы чалмою,
Як светлым воблакам, галовы агарнулі
I, як камета хвост, канцы яе цягнулі.
У кожнага свой выгляд: з месца той не сходзіць,
Адно вачыма, долу спушчанымі, водзіць,
Той, гледзячы наперад, быццам сонны, крочыць,
Як па канаце, і нікуды ўжо не збочыць.
А ўсе згінаюцца к зямлі памалу, сонна,
Зусім, як быццам адбіваючы паклоны.
Калі ж адзін супроць другога раптам стане,
Маўчаць і разыходзяцца без прывітання.
Усе ў задуме, ўсе ва ўладзе летуценняў.
Граф думаў, што ён бачыць элізейскіх ценяў,
Што хоць не ведаюць зямных клапот і ліха,
Блукаюць сумныя павольна, моўчкі, ціха.
Ды хто пазнаў бы ў гэтых марах ледзь рухомых,
У тых людзях маўклівых, нам ужо вядомых
Гасцей, сяброў Суддзі? З шумлівага снядання
Пайшлі ўсе на ўрачыстае грыбоў збіранне.
Як людзі з розумам, што ўмеюць карыстацца
І рухамі, і мовай, каб дапасавацца
Да кожнага выпадку, месца і звычаю,
Яны прад тым, як рушыць за Суддзём да гаю,
Від новы прынялі і вопраткі другія:
Плашчы кужэльныя, шырокія, даўгія
Панацягалі зверху на свае кунтушы,
Брылі-капялюшы насунулі на вушы,
Дык і бялелі, быццам тыя ў чысцы душы.
І моладзь перапранена, 'проч Талімэны
І тых-сіх моднікаў французскіх.
Гэтай сцэны
Не ўцяміў Граф, не знаў вясковага звычаю,
Дык здзіўлены надзвычай падбягаў да гаю.
Грыбы ўрадзілі. Хлопцаў просяць пакланіцца,
У песнях слаўныя, румяныя лісіцы -
Дзявоцтва сімвал, бо іх чэрві не з'ядаюць
I, дзіўна, насякомыя не абсядаюць.
Паненкі дык баравіка ўсё выглядалі,
Якога песні ў нас палкоўнікам назвалі.
А ўсе рыжка шукаюць; ён хоць і сціплейшы,
І менш у песнях слаўны, але найсмачнейшы
Ці солены, ці свежы, у любую пору.
А Войскі дык збірае толькі мухаморы.
І іншыя грыбы, пакінутыя ў браку
