Адчуць красу прыроды, дык сказаў з натхненнем:
'Не раз я ў Вільні ў батанічным агародзе
Глядзеў на тыя дрэвы, што растуць на ўсходзе
Ці дзесь пад італьянскім сонечным сугрэвам.
Якую ж з тых раслін зраўняеш з нашым дрэвам?
Ці той альвас-грамаадвод з зялёных палак,
Ці карліцу-лімон за золата тых галак,
Што ў лакавых лістах блішчаць спіной пукатай,
Як модніца старая ў вопратцы багатай?
Ці той мо кіпарыс худы і даўганогі,
Які не сум наводзіць, а нуду, трывогі?
Ён, кажуць, сумна выглядае на магіле,
Бо ён, як лёкай той, якому узлажылі
Жалобу, што ні рук ні ўзняць, ані схіліцца,
Хоць ён і так парушыць этыкет баіцца.
Ці ж горшы выгляд нашай сціплае бярозы,
Што як сялянка, калі лье па сыну слёзы,
Або ўдава па мужу - рукі заламае,
Струменні кос распусціць і стаіць нямая
І боль пастаццю ўсёй сваёю выражае!
Чаму ж пан Граф, калі мастацтва паважае,
Дрэў нашых не малюе, што вось зеляняцца?
Сапраўды, і суседзі будуць з вас смяяцца,
Што, ва ўраджайнай нашай жывучы краіне,
Малюеце ўсё скалы толькі ды пустыні'.
'Мой дружа,- Граф сказаў,- уся краса ў прыродзе
Ёсць толькі формай, тлом, матэрыяй і годзе.
А творчаю душой з'яўляецца натхненне
І густу паліроўка, правілы і ўменне.
Не хопіць рэчаіснасці ці на'т запалу,
Мастак ляцець павінен к сферам ідэалу!
Не ўсё прыгожае павінна добра выйсці!
Пра гэта ў кнігах прачытаеш, пан, калісьці.
Што тычыцца мастацтва: для малюнка трэба
Ансамбля, групы, пунктаў гледжання і неба
Італіі. Таму і цвіў там жанр пейзажа,
Цвіце і будзе цвісці, гэта кожны скажа.
Бо вось, 'проч Брэйгеля, але не Ван дэр Гэлле,
А пейзажыста (бо былі аж два Брэйгелі),
І апроч Рэйсдаля, на поўначы, прызнацца,
Не знойдзеш чым у пейзажыстаў захапляцца.
Нябёс, нябёсаў трэба!' 'Наш мастак Арлоўскі,-
Сказала Талімэна,- густ меў сапліцоўскі.
(Прашу не забываць сапліцаўскай хваробы:
Апроч Айчыны ім нішто не да спадобы.)
Арлоўскі, што жыццё правёў у Пецярбурку
(Яго эцюдаў некалькі я маю ў бюрку),
Жыў ля цара ў двары, ну проста, нібы ў раю,
А не паверыш, Граф, усё тужыў па краю.
Любіў расказваць нам з дзяцінства успаміны
