Нягледзячы на час абедні, з нейкай справай

Падбег да пана. Адгадаеш з рухаў, з міны,

Што пасланец ён нейкай важнае навіны.

Звярнулі вочы на яго паны і пані,

А ён, адсопшыся, сказаў: 'Мядзведзь, маспане!'

І рэшту адгадалі ўсе: што з цёмнай гушчы

Звер выйшаў і што краўся з Занямонскай пушчы,

Што трэ'дагнаць яго. У момант зразумелі,

Хоць абсудзіць той справы часу йшчэ не мелі.

Супольнасць думак праявілася адразу

Праз жэсты рук, праз сэнс загаду ці наказу,

Якіх хоць многа загуло ў хвіліну гэту,

Ды ўсе яны адну на ўвазе мелі мэту.

'Ў сяло,- сказаў Суддзя,- хай сотнік скача жвава!

Паклікаць дабравольцаў, бо чуць свет - аблава!

Хто з пікай вырушыць ахвотна, без адказу,

Таму спісаць пяць дзён і дзве шарваркі зразу!'

А Падкаморы крыкнуў: 'Зараз жа на Сівай

Скакаць ка мне у двор і, захапіўшы жыва

Дзве п'яўкі, слаўныя заядласцю й навукай -

Сабака Спраўнікам завецца, Страпчай - сука,-

У мяхі ўвапхнуць, у морды затычкі заправіць

І конна, для паспешнасці, сюды даставіць!'

'Гэй, Ванька!- закрычаў Асэсар рускай мовай,-

Цясак бруском звядзі! Каб мне было гатова

Усё! Цясак - Сангушкі князя падарунак,

Паняўў Правер і ў пасе кожную з ладунак!'

'Рыхтуйце стрэльбы!' - ўсе крычалі ўсхвалявана

Асэсар волава шукаў. 'Куль трэба алавяных!-

Крычаў.- Я форму ў торбе маю!' 'Да плябана,-

Сказаў Суддзя,- паслаць ганца, каб заўтра рана

Прыбыў імшу адправіць у лясной капліцы -

Святому Губерту за ўдачу памаліцца'.

Пасля загадаў тых усе пазамаўкалі,

Задумаліся, быццам між сабой шукалі

Кагосьці. І міжволі ўсіх прысутных вочы

Твар Войскага старога цягне, адзіночыць.

Відаць, правадыром яго ўсе выбіралі

І моўчкі булаву яму перадавалі.

Падняўся Войскі, зразумеў сваё заданне

I, стукнуўшы рукою ў стол, сярод маўчання

Дастаў з-за пазухі ланцуг, які на вушку

Трымаў грубы гадзіннік з добрую ігрушку.

'Паўпятае,- прамовіў,- заўтра ля капліцы

Сабрацца ўсім ганцам, ды толькі не пазніцца'

Тут рушыў з-за стала, за ім без затрымання

Пайшоў ляснік. Ішлі абдумаць паляванне.

Вось так і камандзіры пры чаканні бою,

Калі байцы адпачываюць, чысцяць зброю

Ці спяць на шынялях, ці сядуць сілкавацца,-

Цішком вядуць нарады доўгія ў палатцы.

Абед спыніўся, дзень прайшоў у неспакоі,-

У клопатах пра коней, пра сабак, аб зброі.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату