А ў час вячэры госці вельмі мала елі

І на'т ахвоты спрэчкі прадаўжаць не мелі

За ганчакоў. Мір заключыўшы ў тым разгары,

Асэсар з Рэентам ідуць пад рукі ў пары -

Шукаюць волава. Другія пасля працы

Пайшлі спаць рана, каб на досвітку падняцца.

Кніга чацвертая. Дыпламатыка і ловы

Змест: З 'ява ў папільётках будзіць Тадэвуша. Запозненае асэнсаванне памылкі.

Карчма. Эмісар. Спрытнае ўжыванне табакеркі звяртае дыскусію на патрэбную дарогу. Матачнік. Мядзведзь. Тадэвуш і Граф у небяспецы. Тры выстралы. Спрэчка

Сагалясоўкі з Сангушкоўкай, вырашаная на карысць Гарэшкаўскай аднастволкі. Бігас.

Аповесць Войскага пра паядынак Давэйкі з Дамэйкам перарвана цкаваннем зайца.

Канец аповесці пра Давэйку і Дамэйку

Равеснікі князёў літоўскіх слаўных, дрэвы

Панараў, Свіцязі, пушч цёмных, Кушалева!

Вы ж ценем прыкрывалі каралёў галовы:

Вітэна грознага, вялікага Міндовы

І Гедыміна ў час, як на хрыбце Панараў

Ля вогнішча на скуры медзвядзя ён марыў,

Заслуханы у песні мудрага Ліздэйкі,

І ўсплёскамі Вяллі, і пошумам Вялейкі

Закалыханы, сніў ваўка ў жалезнай зброі.

А потым, згодна з воляю багоў святою,

Ён горад Вільню ўзнёс, што між лясоў-суседзяў

Сядзіць, як воўк між зубраў, дзікаў і мядзведзяў.

А з горада таго, як з рымскае ваўчыцы,

Паходзяць Ольгерд, Кейстут і Альгердавічы -

Праслаўленыя звераловы і героі,

Што звера ўмелі гнаць, былі майстрамі бою.

Сон паляўнічага адкрыў нам тайны неба,

Што для Літвы заўжды лясоў, жалеза трэба.

Лясы! Апошні прыязджаў да вас на ловы

Кароль, што Вітаўтаў насіў каўпак сталёвы,

Кароль апошні з Ягелонаў ваяўнічы,

Манарх апошні, што быў добрым паляўнічым

Маёй радзімы дрэвы! Неба мо адкрые

Яшчэ мне к вам дарогу. О, сябры старыя,

Ці вас тады застану? Помню, як раслі вы,

А я вакол вас поўзаў у свой час шчаслівы.

Ці той Баўбліс расце, старэча дуплаваты,

Ў якога жарале, не меншым добрай хаты,

Дванаццаць чалавек за стол сядала ўкола?

Ці ёсць Міндоўгаў гай ля фарнага касцёла?

А там на Украіне на ўзбярэжжы Росі

Ля дома Галавінскіх, ці яшчэ ўсё ўзносіць

Старая ліпа крону, пад якой, бывала,

Сто юнакоў і сто паненак танцавала?

Вы нашы помнікі! О як жа вас без меры

Зжыраюць царскіх слуг і гандляроў сякеры!

Не пакідаюць месца птушкам лёгкакрылым,

Ні песнярам, якім ваш цень таксама мілы.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату