Бо ліпа ж Чарналеская натхніла Яна
На столькі слаўных рыфмаў! Шмат падыктавана
І песняру-казаку дубам-многабаем.
А колькі ж вінен я лясам і нашым гаям!
Стралок слабы, я ад сяброўскіх жартаў злосных
Хаваўся ў вашым цені, векавыя сосны.
І колькі ж дум упаляваў, калі ў глухмені
Адзін на купіне сядзеў у задуменні.
Між пнямі мох сівы, бывала, серабрыцца,
Заліты сінявой растоптанай чарніцы,
А воддаль чырванеюць верасоў узгоркі,
Прыбраныя ў брусніц каралавыя зоркі.
Наўкола цемра, а ўгары на ўсім абшары -
Галіны, як зялёныя густыя хмары.
Віхор гуляў дзесь там над склепам нерухомым
З выццём і шумам, з лёскатам і громам:
Гул дзіўны, ап'яняючы! І мне здалося,
Што мора нада мной шумела шматгалоссем.
А нізам, як руіны гарадоў: пень дуба
Тырчыць з зямлі, як частка велічнага зруба,
На ім апёртыя, як сцен, калон руіны,
Гнілыя пні, калоды, з суччам верхавіны,
Абвітыя травой, імхом. У тыя гушчы
Заглянуць страшна - там жывуць магнаты пушчы:
Ваўкі, дзікі, мядзведзі. Ля ўваходу - косці
Неасцярожных, што зайшлі сюды у госці.
Шугнуць часамі з зелені лясной аблогі
Уверх, нібы фантаны два, аленя рогі,
Ці іншы звер мігне істужкай жаўтаватай
Між дрэў і гасне, як прамень між зелені кашлатай.
І зноў на нізе ціха. Дзяцел на яліне
Пастукае і далей адлятае, гіне,
Схаваўся, але дзюбай дзесьці ў дрэва тыча
I, як дзіця, знайсці сябе ў схаванцы кліча.
Арэх грызе вавёрка, скокнуўшы на хвою,
I, кутасок павесіўшы над галавою,
Нібы пяро над стройнай шапкай кірасіра,
Усё галоўкай круціць ды працуе шчыра.
А госця ўбачыўшы, лясная танцаўшчыца
Мігае з дрэў на дрэвы, быццам бліскавіца,
Пасля ў дупле якімсьці нечакана гіне,
Нібы дрыяда, грэчаскіх лясоў багіня.
Зноў цішыня.
Шасціць галінкай, пэўне, вецер.
Ды не. З-паміж разгорнутага вецця
Яснее тварам, прыгажэйшым чым рабіна,
Збіральніца лясное ягады, дзяўчына,
З кашолкі лыкавай частуе назбіранай
Брусніцай, быццам вусны у самой, румянай.
З ёй побач хлопец крочыць, гне ляшчыннік стромкі,
І ловіць дзеўчына арэхавыя гронкі.
Аж раптам брэх сабак чуваць і рога гранне,
Дык, адгадаўшы, што надходзіць паляванне,
