Трываюць, хоць згнілі, хоць стаўленыя крыва,
Нібы ў Пізанскай вежы. Грэчаскіх мадэляў
Тут не заўважьпп, бо няма зусім тут капітэляў,
А вяжуць у адно калон тых верхавіны,
Сагнутыя пад стыль гатыцкі, лукавіны.
Паверх іх упрыгожанні ідуць выкрутам,
Не долатам, а простьш сечаныя склютам,
Крывыя, як падсвечнікавы завітушкі;
Звісаюць з лукавін, як гузікі, галушкі,
Як тыя, што габрэі к лобу прыкладаюць
У час малення і што 'цыцэс' называюць.
Здалёк нагадвае сабой карчма крывая
Габрэя, што ў час мольбаў тулавам ківае:
Як шапка, дах над стрэшкай-барадой калматай,
А сцены ў дыме й брудзе, як палы халата,
Разьба ж з канца - нібы на лобе багамолы.
Карчма раздзелена накшталт габрэйскай школы
Адна палова - збор каморачак парожніх
Для паняў і паноў і іншых падарожных,
Другую скрозь займае зала. Ў гэтай зале
Уздоўж ля сцен сталы шматногія стаялі,
Пры іх, ніжэйшыя,- радамі табурэты,
Як дзеці ля бацькоў.
Вось тутака ў дзень гэты
Сядзела шмат сялян, сялянак, шляхты дробнай
Усе падрад, а аканом сядзеў асобна.
Пасля імшы ў капліцы, бо была нядзеля,
Зайшлі да Янкеля глынуць хмяльнога зелля.
Ля кожнага шумела ўжо з сівухай чарка,
А навакола з бутлем бегала шынкарка.
Сам Янкель-арандар у доўгім аж па пяты
Халаце, што быў спераду на гафткі ўзяты,
Адной рукой пагладжваў бараду сівую,
А за шаўковы пояс залажыў другую.
Паглядваючы вокал, аддаваў загады,
Вітаў гасцей, мірыў, калі ўзнікалі звады,
Спьшяўся часам слова мовіць аднаму-другому,
Сачыў за ўсімі, але не служыў нікому.
Стары габрэй быў навакол здаўна ў пашане
За чэснасць, бо хоць жыў даўно тут, ні сяляне,
Ні шляхта на яго не мелі крыўд ніколі,
Бо і за што? Напіткаў добрых меў даволі,
Цану загадваў правільна, без ашуканства,
Падвыпіць дазваляў, хоць і не зносіў п'янства.
Ахвотнік быў да гульняў: у яго вяселлі
І хрэсьбіны спраўлялі. Кожнае нядзелі
К сабе ў карчму з суседняга сяла ён клікаў
З дудою і басэтляй ведамых музыкаў.
І сам знаў музыку, граў з талентам, бывала,
На слаўным іхнім інструменце, на цымбалах.
З двара ў двор ходзячы, здзіўляў мастацкім граннем
