Задзіўлены глядзеў вакол са дзве хвіліны -
Нікога не заўважыў, і слядоў ні звання.
Непадалёк быў сад. Нязначна на паркане
Лісточкі і галоўкі хмелю ўздрыганулі.
Магчыма, што іх рукі лёгкія кранулі?
Ці вецер рушыў мо? Тадэвуш прыглядаўся
Да іх, ды ў сад ісці адвагі не набраўся.
Падняўшы вочы, затрымаў іх на паркане
I, палец к вуснам прылажыўшы для маўчання,
Каб словам не зрабіць у думках блытаніны,
У лоб сябе пастукаў, будзячы ўспаміны.
А ўрэшце пальцы закусіў мо аж да косці
I: 'Гэтак мне і трэба!'- закрычаў у злосці.
А двор пасля ўсёй мітусні, неразбярыхі
Замоўк і, як магільнік, стаў глухім і ціхім -
Паехалі ўсе ў лес. Тадэвуш доўга слухаў,
Прыставіўшы далоні да вушэй, ды глуха
Гудзеў спачатку вецер, потым з нейкай далі
Данёсся голас труб і тых, што палявалі.
У стайні конь чакаў яго ўжо асядланы,
Дык скокнуўшы ў сядло, з ружжом, як апантаны
Ляцеў да карчмаў, што стаялі ля капліцы,
Дзе ўранні паляўнічым трэ' было спыніцца.
Абапал той дарогі дзве карчмы сядзелі
І вокнамі варожа на сябе глядзелі.
Адна не перастала замкавай лічыцца,
Другую збудаваў, на злосць старой, Сапліца
У першай, нібы дома, рэй вадзіў Гервазы,
А ў новай рассядаўся ў покуці Пратазы.
Навейшая карчма нічым не задзіўляла,
А вось старая больш цікава выглядала.
Стыль гэткі склалі Тырскія калісьці цеслі,
А на ўвесь свет яго габрэі ўжо разнеслі -
Архітэктурны від, якога мы не зналі,
А толькі ў спадку ад габрэяў перанялі.
Карчма, як карабель, а ззаду, як святыня:
Чатырохгранная, як тога Ноя, скрыня,
Вядомая пад простай назваю стадолы.
Там - козы барадатыя, з другой жывёлы -
Валы, каровы, коні, ўверсе птушак хмара
І насякомыя, і паўзуноў хоць пара.
Палова задняя, як дзіўная святыня,
Нагадвае гмах Саламона, што ў краіне
Сіонскай першыя умельцы ўзнеслі -
Гірамавы, далёка ведамыя цеслі.
Габрэі і сягоння так будуюць школы,
А рысы школаў маюць карчмы і стадолы.
Дах з дранкі і з саломы востры і уздзёрты,
к той каўпак габрэйскі, змяты і пацёрты.
А пад шчытом балкона канты вьггыркаюць
І на драўлянай каланадзе спачываюць.
Калоны тыя, архітэктарам на дзіва,
