І ў Польшчы ўсё хваліў: лес, неба і даліны...'

'I розум меў!- сказаў Тадэвуш з жарам жвава,-

Бо небу італьянскаму за што ў нас слава?

Пустое, сіняе яно, як шыба лёду.

Па-мойму, неба прыгажэе ў непагоду.

У нас даволі вочы ўзняць, і ў рухах хмары

Убачыш мноства фарбаў, сцэн, малюнкі, чары,

Бо хмары розныя. Асенняю парою,

Як чарапаха, хмара сунецца гарою,

Пузатая вадой, к зямлі спускае косы -

Дажджу шырокія празрыстыя палосы.

А хмара з градам сунецца аэрастатам,

Блакітна-цёмная з адценем жаўтаватым -

Вялікі шум чуваць вакол. І проста хмаркі

Цікава выглядаюць, бег іх лёгкі, шпаркі.

Яны, як лебедзі ці гусак гурт плывучы,

А вецер, быццам сокал, гоніць іх да кучы,

Дык ціснуцца, растуць, грубеюць... што за дзіва?

Вось шыі выгінаюць, распускаюць грывы

I, выставіўшы ног рады, па неба склепе

Ляцяць, як дзікіх коней табуны па стэпе -

Усе, як срэбра, белыя. Зноў замяшанне:

Праз момант з каркаў мачты, ветразь з грыў устане

Табун стаў караблём, і вось па сіняй далі

Яго пад ціхім ветрам хвалі загайдалі'.

Граф з Талімэнай пазіралі пільна ўгору,

Тадэвуш хмару паказаў і ў тую ж пору

Другой рукой паціснуў ручку Талімэны.

Мінула некалькі хвілін той ціхай сцэны,

Граф ліст паперы палажыў на капялюшык

І алавік дастаў. Аж раптам рэзнуў вушы

Удар у дворны звон, і ўслед за першым рэхам

Азваўся ціхі лес гуканнем, крыкам, смехам.

Граф галавой кіўнуў, прамовіў сумным тонам:

'Вось гэтак лёс канчае ўсё на свеце звонам -

Разлікі думак нашых, уяўленні, планы,

Нявінную гульню і дружбы гарт каваны,

І сэрцаў чулых голас. Хай медзь зарыкае,

І ўсё мяшаецца і рвецца, і знікае!'

На Талімэну глянуўшы, пасля хвіліны

Спьггаў: 'А што ж нам застаецца?' 'Успаміны',-

Прамовіла і, каб пацешыць Графа ў смутку,

Дала яму, сарваўшы, кветку-незабудку.

Граф кветку к вуснам прыпаднёс, чапляў к жакету.

Тадэвуш кусцік расхінаў у пору гэту,

Заўважыўшы, што нешта між лістоў бялее

Што раз бліжэй. Была там ручка, як лілея.

Схапіў яе і вуснамі тануў паціху

У ёй, нібы пчала у ліліі кяліху.

Пачуў на вуснах холад, ключ заўважыў шэры

І побач, трубкай скручаны, лісток паперы.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату