Больш не пасмелі пры манаху задзірацца.
А той, убачыўшы, што гнеў пачаў сцішацца,
Трыумфу не шукаў у тым, што здзейсніў міры,
Больш слова не сказаў ніводнаму задзіры,
Каптур паправіў, рукі залажыў за пояс
І моўчкі выйшаў.
А тым часам у пакоі
Суддзя і Падкаморы між двума бакамі
Стаялі. Войскі выступіў, развёў рукамі,
Ен раптам, быццам разагнаў сваю дрымоту,
Паправіў вус сівы і абцягнуў капоту,
А вока ўсіх прысутных мігам ахапіла.
І дзе яшчэ быў шум, ён, быццам ксёндз крапілам
Сцішаючы, памахваў біткай скураною,
Пасля, падняўшы тронкі па-над галавою,
Нібы жазло маршалка, аб'явіў маўчанне:
'Суцішцеся,- казаў,- трэ'ж мець апанаванне.
Вы, паляўнічыя найлепшыя ў павеце,
Нязгоды вашай прыклад майце на прыкмеце!
Надзея краю, наша моладзь дарагая,
Што ўжо і так пра славу пушч не вельмі дбае,
Калі ў яе і зараз лоўля не ў пашане,
Пасля зусім закінуць можа паляванне,
Убачыўшы, замест братэрскае нарады,
Адны нязгоды пасля лоўлі, спрэчкі, звады.
Дык слухайце мяне, старога: не палічыш,
Якіх і дзе, і колькі знаў я паляўнічых.
Я шмат разоў судом судзіў іх палюбоўным.
Ну хто ў лясах літоўскіх Рэйтану быў роўным
Ці то зрабіць аблаву, ці сустрэцца з зверам?
З Белапятровічам каго мы зараз змерым?
Хто гэтак, як страляў Жагота, можа стрэліць,
Што ў зайца на бягу мог з пісталета ўцэліць?
Бывала, Тараевіч, ідучы на дзікаў,
Не браў з сабою іншай зброі, апроч пікаў.
Будрэвіч браўся ўпол і з медзвядзём, бывала.
Дык вось якіх герояў наша пушча знала!
А паспрачаўшыся, як справу разбіралі?
Ды суддзяў набіралі і заклад стаўлялі.
Агінскі за ваўка прайграў валок сто лесу,
Тры вёскі Несялоўскаму барсук звёў к бесу.
І вам жа можна весці справу даўнім ладам,
І спрэчку меншым, хай сабе, рашыць закладам.
Гаворка - вецер, ёй канца на век не будзе,
А дзеля зайца языка не варта трудзіць,
Дык выбірайце зараз палюбоўных суддзяў,
І іх рашэнне хай для вас законным будзе.
Я папрашу Суддзю, каб ён дазволіў еграм
Закончыць гон, каб на'т звярына ў збожжа ўбегла,
І ласку гэту атрымаць я спадзяюся'.
Сказаўшы гэта, да кален Суддзі нагнуўся.
