Хоць дзядзька і заве яе сваёй сястрою -
Так іх бацькі зраднілі даўняю парою.
Пасля ж, калі яна ў сталіцы пражывала,
Паслуг Суддзі зрабіла розных там нямала,
Дык вось дзеля таго ён ганарыўся ёю
І зваў ахвотна пры людзях сваёй сястрою,
Чаго яна, па дружбе, не забараняла.
Тадэвуша ўсё гэта міла хвалявала.
Яшчэ багата спраў яны абгаварылі,
І здарылася гэта ўсё ў кароткай хвілі.
А побач, маючы на ўвазе Асасора,
Прамовіў Рэент: 'Я казаў япічэ і ўчора,
Што ўдацца паляванне сёння ў нас не можа,
Яшчэ зарана, бо не ўсё пажата збожжа,
І мужыкі сваіх шнуроў не пакасілі,
І Графа ўсё няма, хоць мы і запрасілі.
А справы ж палявання Граф дакладна знае
І правілы заўсёды нам напамінае.
Ён за граніцай атрымоўваў выхаванне
І варварствам заве такое паляванне,
Калі палююць так, зусім без далягляду
I без увагі на закон і ўказы ўраду,
Калі не ў лік капцы чужыя ні граніцы,
І грунт чужы таптаць ніхто ў нас не баіцца.
Любой парой стралкі ў нас ходзяць полем, гаем,
Палююць на ліса тады, як ён ліняе,
Хоць бачаць, як харты рвуць котную зайчыху,
Ды мірацца са шкодніцтвам такім паціху.
Таму зусім не дзіва, што на нас Граф валіць
І кожны раз маскоўскія парадкі хваліць,
Бо там цара указы ёсць пра паляванні,
Паліцыі нагляд і розныя спагнанні'.
Тут Талімэна слова мовіла дарэчы,
Хусцінкай абвяваючы свой твар і плечы:
'Клянуся мамай,- пачала,- у курсе справы
Пан Граф. Расію знаю я, парадак там цікавы.
Не верылі вы мне, як я не раз казала,
Якая строгасць там заўсёды панавала.
Не раз у Пецербургу быць мне давялося.
О мілы час! А колькі ж згадак засталося!
Цудоўны горад! Быў хто з вас мо ў гэтым месце?
Я маю ў бюрку план. А мо сюды прынесці?
Улетку пецярбургскі свет жыве на дачы,
Ў палацыках вясковых (дача - вёска, значыць).
Я над Нявой жыла ў палацы адзінока,
Не вельмі блізка ды не так, каб і далёка,
На ўзгорачку насыпаным, наколькі знаю.
Цудоўны домік! План яшчэ у бюрку маю.
Вось, на бяду, наняў якраз дом у суседстве
Чыноўнік нейкі дробны, што служыў у следстве.
Трымаў ён гончых. Ну і даўся ж ён мне ў знакі!
Бяда - чыноўнік дробны і яго сабакі!
