Што з памяткай маёй дагэтуль не спазнаўся,
Бо родны брат таго вось Вусача-Сапліцы
Жыве яшчэ, сваім багаццем ганарыцца
І межамі сваімі замак закранае,
Яго шануюць, бо ён пост суддзі займае.
Яму здасце вы замак?! Каб зладзеяў ногі
Сціралі кроў Гарэшкаву з тае падлогі?
О не! Пакуль яшчэ душа ў Гервазым тлее,
Пакуль ён толькі пальцам зварухнуць здалее
Сцізорык свой, заўсёды на сцяне вісячы,
Датуль Сапліцам замка гэтага не бачыць!'
'О!- ўскрыкнуў Граф з паднятымі ўгару рукамі,-
Любіў я гэты мур, надгрызены вякамі,
Хоць і не ведаў, колькі ён багаццяў крые:
Сцэн драматычных столькі, жудасці такія!
Як толькі гэты продкаў замак адваюю,
Цябе сюды сваім бургграфам накірую.
Я зацікавіўся аповесцю тваёю.
На жаль, не трапіў я сюды начной парою,-
Акрыўшыся плашчом, прысеў бы на каменні,
А ты б мне маляваў крывавыя здарэнні.
Шкада, што слабы маеш дар апавядання.
Чытаў і чуў я шмат вось гэтакіх паданняў.
У Англіі, Шатландыі усе палацы
І замкі ўмеюць жудасцямі выхваляцца.
Амаль у кожным слаўным і магутным родзе
Пра здрады і забойствы знойдзеш звестак годзе,
А помста ў новыя зыходзіць пакаленні,
А вось у Польшчы - рэдкасць гэткія здарэнні.
Я чую, як ва мне Гарэшкаў кроў зайграла,
І справа гонару мне яснай зараз стала.
Вось так! Перагаворы я сарву з Сапліцам,
Гатоў на шпагах з ім ці пісталетах біцца
За гонар свой!' Тут рушыў урачыстым крокам,
А ўслед ішоў Гервазы і ўздыхаў глыбока.
З сабой гаворачы, ля брамы Граф спыніўся,
На замак глянуў, ля каня замітусіўся
І так заканчваў сам з сабой бяседу:
'Мне жаль, што жонкі не прыйшлося мець суседу,
Або дачкі, ў якую мог бы закахацца,
А потым немагчыма з ёй было б пабрацца.
Вось новы вузел зблытаў бы апавяданне:
Тут - сэрца, там - сумленне! Помста і каханне!'
Так шэпчучы, даў шпоры, ў бок двара падаўся,
А тут гурт паляўнічых з лесу паказаўся.
Любіў Граф паляванне, ледзь стральцоў убачыў,
Забыўся ўміг пра ўсё, да іх насустрач скача,-
Мінае браму, плот, гарод. На павароце
Зірнуў і запыніў каня пры плоце.
Быў сад.
Уздоўж стаялі дрэвы рад ля рада
І зацянялі плошчу поля. Сподам - грады.
