Стралялі тут мы ўтрох няспынна і заўзята.

А маскалі тым часам куль не шкадавалі,

Мы зрэдку, але метка ім адказ давалі.

Разы тры гэта хамства дзверы штурмавала,

Ды з кожным разам трое ногі задзірала.

Тады ўцяклі пад свіран, а ўжо быў і ранак.

Пан Стольнік выйшаў радасны з ружжом на ганак

І, як салдат які, матнуўся ў завуголлі,

Ён стрэл даваў і не мыляўся аніколі -

Кашкет за кожным разам у траву валіўся.

Пасля таго ўжо ўвесь атрад да сцен туліўся.

Убачыўшы, што вораг топчацца трывожна,

І што яго ўручную выбіць будзе можна,

Пан шаблю ўзяў і гучна слугам даў наказы;

Звярнуўшыся ка мне, сказаў: 'За мной, Гервазы!'

Тут бахнуў стрэл з-пад брамы. Стольнік заікнуўся,

Пачырванеў, збялеў, крывёю папярхнуўся.

Тады заўважыў я насупраць сэрца пляму,

А пан з хістаннем паказаў рукой на браму.

Пазнаў я зразу лотру! Я пазнаў Сапліцу

Па росце і вусах! Ён толькі мог рашыцца

На гэткі крок! Я бачыў! Стрэльбу ўверх узняўшы,

Стаяў латруга. Дым яшчэ не быў апаўшы,

Калі я ўзяў яго на цэль. Ён быў, як скамянелы.

Я стрэліў аж два разы, і абодва стрэлы

Не трапілі. Са злосці маху даў ці з жалю...

Як глянуў - пан не жыў... наўкол лемантавалі'.

Тут змоўк стары Гервазы і слязьмі заліўся,

І так канчаў: 'Маскаль на дзверы наваліўся,

А мне са смерцю пана розум адабрала,

І што было вакол, не разумеў ні мала.

На шчасце выручыў нас пан Парахвяновіч,

Міцкевічаў прывёўшы дзвесце з Гарбатовіч,

А шляхта там навокал - чалавек у чалавека,

І на Сапліцаў маюць злосць яшчэ спрадвеку.

Так згінуў пан набожны, пан вялікай славы,

Што меў у родзе крэслы, стужкі і булавы,

Сялянам бацька, шляхце брат. З яго асобай

Загінуў род. Не меў ён сына, хто б над гробам

Адпомсціць прысягнуў; у кроў з ягонай раны

Я меч свой памачыў, Сцізорыкам празваны.

(Пан, пэўне, чуў пра мой Сцізорык, ён быў слаўны

На сеймах, сейміках у часе старадаўнім.)

Я вышчарбіць яго пакляўся на Сапліцах

І стаў усюды з імі пры сустрэчы біцца.

У спрэчцы двух забіў і двух у паядынку,

А аднаго ў драўляным падпаліў будынку,

Як з Рымшам на Карэлічы наезд рабілі.

Ён спёкся, як пяскар; вушэй жа, што згаліў я,

І не злічу, і толькі з іх адзін застаўся,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату