Не вытрымаю доўга. Сёння ўжо здаюся,

Прыму умовы згоды так, як суд падкажа'.

Гервазы ўскрыкнуў: 'Згоды? Што пан гэта кажа?!

З Сапліцамі, мапанку, згода?- Тут скрывіўся,

Як быццам сам сваёй гаворцы задзівіўся.-

З Сапліцам згода! Што, мапанку, гэта хіба

Жарт! Замак, вечная Гарэшкава сяліба

Сапліцам пераходзіць! Хай пан толькі рачыць

З каня сысці. Няхай пан толькі сам убачыць!

Не знаеш, пан, што робіш! Не ўпірайся, пане,

Злазь, пан!'- І стрэмя ў рукі ўзяў для прытрымання.

Пайшлі у замак, сталі пры ўваходзе ў сені.

'Вось тут,- сказаў Гервазы,- ў пышным акружэнні

Паны у крэслы, паабедаўшы, сядалі.

Сялян мірыў тут пан, а часам дні бывалі,

Што ён расказваў нешта весела і складна

Ці слухаў жарты і аповесці спагадна.

А моладзь фехтавала на двары заўзята,

А не, дык аб'язджала маладых бахматаў'.

Далей стары працягваў: 'Вось пад тым скляпеннем

Няма ў паркеце залы гэтулькі каменняў,

Якую колькасць бочак він яна глынула.

На паясах іх шляхта з пограба цягнула,

Прыбыўшы к нам на імяніннае гулянне,

Або на сейм, на сеймік ці на паляванне.

А вунь на хорах там капэлія стаяла,

Яна ў арган і іншыя інструменты іграла.

Як мы ўзнімалі чары, трубы безупынна,

Як судным днём раўлі, а тосты гучна, чынна

Ішлі чаргой: найперш за караля, а далей

За прымаса, за каралеву выпівалі,

Пасля ў чэсць шляхты і ўсяе Рэч Паспалітай.

А там ужо, за пятай шклянкаю дапітай,

'Кахаймася' пілі ўжо ўсе без затрымання,

І тост, пачаты ўдзень, канчаўся толькі зрання,

Калі запрэжак падрыхтованых багата

Чакала, каб адвезці кожнага дахаты'.

Пайшлі далей. Гервазы моўчкі ў задуменні

То зрок запыніць на сцяне, то на скляпенні:

Яго ўспамінаў розных хваля агарнула,

Здавалася, хацеў сказаць: 'Усё мінула!'

То галавой кіўне, а то махне рукою,

Відаць, што згадкі не давалі супакою.

Відаць, іх адганяў; аж крокі затрымалі

Наверсе, у люстэркавай вялікай залі,

Дзе ад люстэркаў засталіся толькі рамы,

Без шыбаў вокны, галерэя супраць брамы.

Схіліў стары тут голаў ад душэўнай мукі

І твар далонямі прыкрыў, пасля зняў рукі,

Ды боль і роспач засталіся на абліччы.

Хоць Графу тут было ўсё цьмяным, таямнічым,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату