Кранула ўсё ж яго старога хваляванне,
Руку яму паціснуў, і тады маўчанне
Парушыў той. Падняўшы ўверх руку-правіцу,
Сказаў: 'Няма, мапанку, згоды між Сапліцам
І ўсёй Гарэшкавай крывёй! А пан жа крэўны,
Па маці Лоўчыне, як знаеш сам, напэўна,
Народжанай другою дочкай Кашталяна,
Які быў, як вядома, дзядзькам майго пана.
Паслухай пан гісторыю, што адбылася
Ў тваёй сям'і, вось тут не ў вельмі даўнім часе.
Нябожчык Стольнік, пан мой, знатны пан, мой пане,
Які ў павеце ў самай большай быў пашане,
Дачку красы анёльскай меў, таму нямала
Багатых панічоў рукі яе шукала.
Між шляхтай славіўся тады задзіра знаны,
Сапліца Яцак, Ваяводаю празваны,
Бо ён сапраўды многа ў ваяводстве значыў:
У ім правадыра ўвесь род Сапліцаў бачыў,
Дык трыста галасоў трымаў ён сільнай воляй,
А сам не меў нічога, проч кавалка поля
Ды шаблі і вусоў даўгіх, як у нікога.
Вось Стольнік заклікаў малойчыка ліхога
І ў замку частаваў, бо выбараў парою
Ён меў шмат галасоў з сябрамі і раднёю.
Пасля таго так абнаглеў Вусач-Сапліца,
Што ўздумаў у зяці да Стольніка ўкруціцца.
Ужо няпрошаны у замку ён з'яўляўся,
А потым, нібы ўдому, ў нас абсталяваўся.
Ужо збіраўся сватаць, ды чакаць не сталі
І чорнай поліўкай яго пачаставалі.
Як быццам Стальнічанцы ён упаў у вока,
Ды ад бацькоў таіла пачуццё глыбока.
Было ўсё гэта пры Касцюшцы. Пан збіраўся
За 'Трэці май' змагацца, з шляхтаю звязаўся
І да канфедэратаў браць хацеў напрамак,
Ды раптам уначы Маскаль напаў на замак.
Ледзь быў час выпаліць з марціры на трывогу,
Ход ніжні заваліць, і вось - прымай аблогу!
У замку быў пан Стольнік, я, паненка, паня,
Кухмайстар і два кухты, п'яныя дазвання,
Ксёндз, лёкай, гайдукі чатыры - больш нікога.
Мы з стрэльбамі - да вокнаў. Вораг ля парога
'Ура!' крычыць і рвецца сілаю вялікай.
Мы ў дзесяць стрэльбаў пальнулі: а хто вас клікаў!
Усё закрыла цемра. Слугі знізу білі,
А з гэтай галерэі пан і я палілі.
Ішло ўсё вельмі спраўна, хоць і у трывозе.
Ляжала дваццаць стрэльбаў тут вось на падлозе,
Мы выстралім з адной, другую нам падносяць -
Ксяндзу заняцца гэтай справай давялося,
Таксама пані і паненцы і дзяўчатам.
