Паставіць чайнікі, ў малочную ступае

І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае

У дробненькі прыгожы посуд філігранны -

Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.

Старэйшыя з жанчын пілі ўжо каву зранку,

Цяпер другі напітак мелі пры сняданку,

Напітак, на які ніхто не гляне крыва:

Гарачае з вяршкамі, з свежым сырам піва.

А для мужчын ляжала розная вяндліна:

Гусяціна, валовіна, язык, свініна

Найлепшага гатунку, спосабам мясцовым

Увэнджаная дбайна дымам ядлаўцовым.

А на астатак зразы чэлядзь падавала.

Дык вось як снедалі ў Суддзі ў той час, бывала.

У дзве святліцы побач разышліся госці.

Пры століку малым старыя ягамосці

Вялі бяседу перш аб справах гаспадарскіх,

А потым аб законах і указах царскіх.

Крануў пан Падкаморы і вайны пытанні,

І вывады свае рабіў і меркаванні.

Вайшчанка акуляры сінія ўзлажыла

І Падкаморысе на картах варажыла,

А моладзь абмяркоўваць стала паляванне.

Гуторылі спакойна ўсе, без хвалявання,

Бо Рэент і Асэсар, роўныя ў рыхтоўцы

Страляць і звера гнаць, вялікія прамоўцы,

Маркотныя былі, гпядзелі сумна, гнеўна.

Так добра пацкавалі, кожны з іх быў пэўны,

Што хорт ягоны тут здабудзе перамогу,

Ды шнур сялянскай ярыны закрыў дарогу:

Шарак нырнуў, і з ім харты з вачэй прапалі,

І вось загад Суддзі, каб мігам гон стрымалі,

Выконваць мусілі, хоць грызла злосць, трывога.

Вярнуліся сабакі, і ніхто нічога

Не ведае. ці звер уцёк, ці ў зубы трапіў

Абодвум, ці ў адну якую-небудзь ляпу.

Пра гэта розна тутка сёння гаварылі,

Але сапернікаў ізноў не памірылі.

А Войскі па пакоях сноўдаў адзінока

І пазіраў, нібы рассеяна, навокал.

Удзелу не прымаў ані ў адной бяседзе,

Відаць, што думкамі блукаў далёка недзе.

Насіў на мухі бітку; пастаіць без руху,

Падумае і біткай той прыстукне муху.

Тадэвуш з Талімэнай у свабоднай позе

Паміж пакоямі стаялі на парозе.

Таму што іх пачуць маглі ў абодвух залах,

Дык шэптам гаварылі. Вось яму сказала

Тут цётка Талімэна, што жыве заможна,

Прытым сказаць амаль з упэўненасцю можна,

Што блізкае радство іх між сабой не вяжа,

Ды мо радства ніхто наогул не дакажа,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату