Бывала, ледзь прайдуся з кніжкаю садочкам
На месяц глянуць ці падыхаць халадочкам,
Ураз бяжыць сабака і хвастом віляе.
А можа ён шалёны, хто яго там знае!
Спужалася не раз я. Сэрца падказала
Бяду мне ад сабак, вось так яно і стала.
Калі я з кніжкай выйшла ў сад аднога ранка,
Ля ног маіх майго загрыз хорт выхаванка -
Баноньчыка! Век буду помніць тую псінку!
Мне князь Сукін прыслаў яе дзеля ўспамінку -
Разумная і, як вавёрачка, жывая!
Яе партрэцік я і сёння ў бюрку маю.
Я, смерць яе пабачыўшы, у альтарац'і
Самлела, спазмы сталі, сэрца пальпітац'і.
Мо больш бяды здарэнне б тое натварыла,
Ды вось прыбыў з візітам на той час Кірыла
Гаўрылыч Казадусін, сам вялікі лоўчы.
Спытаў, як чуюся,- адказ не быў станоўчы.
Ён загадаў цягнуць чыноўніка за вушы.
Той пабялеў, увесь дрыжыць, ды слухаць змушан.
'Як смееш ты, наглец,- крычыць Кірыл грымотна,-
Пад царскім носам здзеквацца над ланню котнай?'
Дарма чыноўнік аслупелы заклінаўся,
Што паляваць зусім яшчэ і не збіраўся,
Што, з іхняй светласці ласкавым пазваленнем,
Сабачкам быў той звер, а не аленем...
'Ах ты, прахвост,- крычыць Кірыла,- як ты смееш
Сцвярджаць, што лепей паляванне разумееш,
Чым я сам, Казадусін, царскі егермайстар?
Няхай жа нас рассудзіць зараз паліцмайстар!'
Тут клічуць паліцмайстра, следства пачынаюць.
'Я,- кажа Казадусін,- гэтым вось сцвярджаю,
Што гэта лань, а ён: сабачка, кажа, пане!
Скажы, хто знае лепш звяроў і паляванне!'
А паліцмайстар знаць парадак справы змушан -
Здзівіўся вельмі той зухваласцю чынушы,
Набок яго адвёў і стаў, як брату, радзіць
Прызнацца да віны і гэтым грэх загладзіць.
Змякчэлы лоўчы абяцаў, што ён прадставіць
Цару ўсю справу, дык і суд мо кару збавіць.
У выніку вяроўкі гончым прысудзілі,
А пана іх аж на два тыдні пасадзілі.
Пасля таго было нам на ўвесь вечар смеху,
Бо хтосьці анекдот прыдумаў на пацеху
Аб тым, як лоўчы за сабачку заступаўся.
І ведаю напэўна, што й сам цар смяяўся'.
Абапал смех паўстаў. У той час з Бернардынам
Суддзя граў у мар'яш. Ксёндз, страціўшы ўсе віна,
Ужо ледзь дыхаў, і Суддзя канчаць збіраўся,
Але даслухваннем аповесці заняўся
