І думалі па-свойму аб мушыным родзе,
Стары знішчаў іх пільна пры любой нагодзе -
Ледзь муху ўбачыў гэткую, забіць стараўся.
І вось яму над вухам 'шляхціц' той азваўся.
Два разы Войскі пляснуў, але не пацэліў,
Махнуў яшчэ, аж шыбы ледзь не паляцелі.
Ад стукату такога муха у трывозе,
Убачыўшы людзей, што сталі на парозе,
Рашыла хутка прашмыгнуць паміж іх твараў,
І тут жа Войскі біткаю па ёй ударыў.
Так моцна пляснуў, што адскочылі галовы,
Як быццам дрэва гром разбіў на дзве паловы;
Абое з сілаю аб вушакі даліся,
Што сінякі пасля таго ў іх засталіся.
На шчасце, не зважаў ніхто, бо ў гэтым часе,
Пасля спакойнай, хоць і шумнай, пачалася
Гаворка бурная, аж перайшла у крыкі.
Так гоніць лесам ліса гурт стральцоў вялікі:
Чуваць трэск лому, стрэлы, рэдкі брэх сабачы,
Аж раптам нехта нечакана дзіка ўбачыў,
Даў знак, і гул падняўся ў паляўнічай гушчы,
Як быццам загудзелі дрэвы ва ўсёй пушчы,-
Так з гутаркай бывае - роўненька пляцецца,
Пакуль, як на дзіка, на нешта не наткнецца.
Тут дзікам гутаркі працяг быў спрэчкі ўпартай,
Ці хорт Асэсараў, ці Рэентаў больш варты.
Усё трывала толькі міг, ды ў той кароткай хвілі
Адзін другому гэткіхслоў нагаварылі,
Што вычарпалі раптам спрэчкі ўсе тры часці:
Насмешкі, гнеў, абразу - толькі рукі ўскласці.
Шугнулі ўсе да іх з суседняга пакоя,
Не тоўпячыся ў дзверы, бурнаю ракою,
І пару маладых, падобную да Бога,
Да Януса двухтварага, змялі з парога.
Тадэвуш з Талімэнай ледзь свае прычоскі
Паправілі, як сціх той крык і гоман порсткі,
І толькі смех і шматгалосы шум застаўся.
Зноў мір настаў, бо ў сварку Робак умяшаўся:
Хоць пажылы, ён быў прысадзісты, плячысты,
Дык вось, калі падбег Асэсар да юрыста,
Калі абодва ўжо махалі кулакамі,
Схапіў іх каўняры абедзвюма рукамі
І двойчы моцна стукнуў іхнія галовы,
Як яйкі на вялікдзень, потым, без размовы,
Раскінуў хутка рукі ўбок дарожным знакам
І ў два куты пакоя кінуў забіякаў.
Праз момант так стаяў з прасцёртымі рукамі
I 'Pax,- казаў ім,-Pax vobiskum, мір між вамі!'
Хоць гэта ім было не вельмі да спадобы,
Але, з пашаны да духоўнае асобы,
Ўсё ж засмяяліся. Пасля ж такое спробы
