Пазнаў па ўзросце і па воласе тым ясным:

Галоўку, постаць гэту бачыў на паркане,

І голас той будзіў яго на паляванне.

Аж Войскага ўзялі за юнака трывогі:

Убачыўшы, што той збялеў, аслаб на ногі,

Параіў адысці ў пакой для адпачынку.

Тадэвуш стаў у кут, апёрся на камінку

І моўчкі пераводзіў позірк свой туманны

То на аблічча цёткі, то на тварык панны.

Дык не магла тут незаўважыць Талімэна,

Што з хлопцам адбылася раптам перамена,

Хоць не згадала, што было яе прычьшай.

Занепакоеная, сочыць за хлапчынам

I, выбраўшы хвіліну, хутка падбягае.

Што сталася? Здароў? Адказ даць налягае,

Напамінае Зосю трохі жартаўліва.

Тадэвуш, абапёршыся, стаяў маўкліва

І толькі вусны выкрыўляў і моршчыў бровы.

Здзівіў яе, разгневаў выгляд той суровы,

Дык твар й бяседы тон тады перамяніла,

Устала і са злосцю з ім загаварыла,

Сыпнуўшы градам слоў, якіх не падбірала.

Тадэвуш усхапіўся, быццам бы ад джала,

Зукоса глянуў, адапхнуў нагою крэсла

I, сплюнуўшы, пабег, нібы яго што несла,

З таго пакоя вон. На шчасце гэтай сцэны

Ніхто больш не заўважыў, апроч Талімэны.

За браму выбегшы, пакіраваў ў бок поля.

Як той шчупак, якому восць хрыбет праколе,

Нырае і плыве, жыцця, свабоды прагне,

Але ўсё шнур з жалезам за сабою цягне,

Так і Тадэвуш валачыў свае згрызоты

Цераз шырокія палі, платы, балоты,

Блукаючы зусім без мэты і дарогі.

Нарэшце ўжо, ці то яго прынеслі ногі

Выпадкам, ці сумысля, ды накіраваўся

Ў той гай, які нядаўна сведкам шчасця стаўся,

Дзе той лісток любоўны быў яму паданы,-

На ўзгорачак лясны, Святыняй дум прызваны.

І ў час, як спадзяваўся быць тут адзінокім,

Заўважыў Талімэну ў роспачы глыбокай:

Сядзіць яна, ўжо не такая, як учора,

А скамянелая на камені ад гора,

Твар утуліўшы у адкрытыя далоні.

Відаць адразу, што ў слязах гаручых тоне.

Дарма Тадэвуш са спагаднасцю змагаўся,

Змякчэла сэрца з жалю, і хлапчына здаўся

Сачыў за ёй хвіліну, стоячы за дрэвам,

I, уздыхнуўшы, сам сабе тлумачыў з гневам:

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату