Дык дамам кланяўся, старым і малалеткам.
Манаха не было, і месца бернардына
Была запрошана заняць Падкамарына.
Калі Суддзя гасцей так, як жадаў, расставіў,
Кароткую малітву над сталом адправіў;
Мужчыны выпілі гарэлкі, і ўсе селі,
І халаднік забелены маўкліва елі.
Пасля падалі ракаў, куранят, шпарагі,
Наставілі венгерскіх вінаў і малагі.
Ядуць і п'юць усе, але маўчаць. Ніколі,
Як замак замкам, у яго застоллі,
Дзе гэтулькі калісьці чулася віватаў,
Ускрыкаў, тостаў розных тысячы мо ўзнята,
Напэўна, не бьшо сумнейшае вячэры.
І толькі коркаў стук, талерак звон за дзверы
Перадавала рэха праз пустыя залы,
А вусны ўсім як быццам нешта завязала.
Прычын было сягоння многа для маўчання:
Прыбыўшы ў неблагім настроі з палявання,
Стральцы раздумаліся дома над аблавай
І ўбачылі, што выйшлі з невялікай славай.
Бо трэ' ж было, каб поп якісьці прыблукаўся
І ў справу, як Піліп з канопляў, умяшаўся,
Зацьміўшы ўсіх стральцоў павету. Вось і выйдзе
Наверх той сорам і ў Ашмянах, і у Лідзе,
Якія з гэтым век змагаюцца паветам
За першынство ў стральбе! Дык думалі аб гэтым.
Асэсар з Рэентам успомнілі няўдачы
Аблавы і той промах ранішні сабачы.
І зараз зрок іх дражніць заяц, што пад гаем
Так гончых абдурыў: ён хвосцікам мігае
І сэрцы іх абодвух сцёбае, як бічам,-
Сядзелі над талеркамі з тупьш абліччам.
Асэсар меў маўчаць і іншыя прычыны,
Калі сапернікаў разглядваў ля жанчьшы.
К Тадэвушу сядзела Талімэна бокам
Збянтэжанай, не смеўшы змераць хлопца вокам.
Хацела Графа сумнага крыху забавіць,
У гутарку ўцягнуць, настрой яго паправіць,
Бо вельмі кіслы Граф прыбыў з гуляння
Ці, па Тадэвушавай думцы, з падглядання.
На словы Талімэны галаву Граф горда
Падняў, насупіўся, зірнуў варожа, цвёрда
І зараз жа падаўся чым бліжэй да Зосі:
Талеркі ёй мяняе, шклянкі ёй падносіць,
Гаворыць кампліменты, часам скосіць вока,
Паклоніцца, ўсміхнецца і ўздыхне глыбока.
Ды так, што ўсё змагло заўважыць акружэнне,
Што ён хацеў за штосьці помсціць Талімэне,
