Лавіў і словы горкія, і зык іх мілы

І страшна мучыўся. Гадзюка гэтак злая

Перш яд з раслін двайным джыгалам выпівае,

Пасля ў клубок саўецца і на сцежцы ляжа,

І ўсім пагражаючы, хто ледзь ступню пакажа.

Так і Тадэвуш, зайздрасці атрутай п'яны,

Стараўся скрыць, які быў злы і ўсхваляваны.

Ў любой кампаніі, няхай хто зазлуецца,

Яго настрой на іншых зараз разальецца.

Стральцы і так маўчалі, рэшта заўважала

Тадэвушаву злосць і галасы зніжала.

Пануры быў таксама сёння Падкаморы

І моўчкі пазіраў са смуткам час каторы

На дочак, што хоць і былі ўжо ў самым цвеце,

З пасагам, першыя паненкі у павеце,

А вось сядзелі моўчкі ў поўным занядбанні.

Таміўся і Суддзя у гэтакім маўчанні.

Аж Войскі ўжо не мог сцярпець. Выдатны лоўчы

Назваў вячэру гэту не людской, а воўчай.

Грачэха на маўчанне слых меў вельмі чуткі,

Сам гаварун і іншых слухаў бы ўсе суткі.

Не дзіва! ўсё жыццё правёўшы ў вандраваннях -

На радах, на наездах ці на паляваннях,

Прывык, каб вечна штось яму гудзела ў вуху,

Калі і сам маўчаў ці біткаю на муху

Замерваўся, ці марыў, прычыніўшы вочы.

Удзень шукаў гаворкі, ноччу быў ахвочы

Малітвы слухаць да пазна, старыя казкі.

Таму вось у яго не мела люлька ласкі,

Як выдумка нямецкая, што чужаземчыць

Народ, бо перш маўчаць навучыць, потым немчыць.

Ён, гаварун стары, адпачываў пры мове,

Будзіўся ад маўчання на апошнім слове.

Так мельнік, задрамаўшы, ўміг на ногі стане,

Калі млын спыніцца і сціхне грукатанне.

Вось Падкамораму пан Войскі пакланіўся,

Рукой ад вуснаў знак Суддзі зрабіў, спыніўся:

Прасіў даць слова. Дык абодва пахілілі

Галовы ў знак, што думку выступіць хвалілі.

Тады сказаў:

'Прасіў бы вас я, кавалеры,

Па-старадаўняму праводзіць час вячэры

І моўчкі не жаваць. Няўжо мы тут святошы?

Бо за сталом маўчанне - звычай не харошы.

Маўчаць, скажу вам, бы ў ствале зарад іржавіць.

Таму век гаварлівасць продкаў буду славіць:

Яны сядалі, не каб з'есці і напіцца,

А каб і ўдосталь, ад душы нагаварыцца

І сэрцы аблягчыць. Былі ў іх абгаворы

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату