На важнасць справы, Ключнік пацягнў за вагу -
Заскрыгатаў у шафе механізм іржавы.
Спыніўся Падкаморы ад такое справы.
'Браток,- сказаў,- спыніся з працай пільнай гэтай'.
І прадаўжаў далей. А той са злоснай мэтай
Яшчэ мацней загрукатаў другою гірай.
Тут гіль, што зверху быў, кіўнуўся над задзірай
I, крыллямі б'ючы, куранты граць сабраўся.
Ён спрытна змайстраваны, толькі сапсаваўся,
Дык заікаўся і пішчаў штораз то горай.
Тут госці ў смех, зноў мусіў змоўкнуць Падкаморы.
'Гэй, Ключнік,- крыкнуў,- або лепш, пугач-начніца,
Калі шануеш дзюбу, раджу прыпыніцца!'
Гервазы, не ўстрашаны гразьбой такою,
Апёрся на гадзіннік праваю рукою,
А леваю узяўся ў бок і ў той паставе:
'Падкамарэньку,- мовіў,- жартаваць вы ўправе,
Хоць меншы верабей за пугача, ды дома
Ён многа адважнейшы - гэта вам вядома.
А Ключнік не пугач, вось хто ў чужую хату
Ўлез ноччу, той пугач, і я яму дам плату'.
'Вон! Вон яго!'-ўзарваўся Падкаморы.
'Пане,
Пан Граф,- азваўся Ключнік,- хай пан толькі гляне:
Ужо і так ваш гонар пляміцца даволі,
Што вы з Сапліцамі п'яце ў адным застоллі.
І трэба ж, каб мяне, замковага служаку,
Гарэшкаў ключніка лічылі за сабаку
Ў паноў маіх палацы? Як пан гэта зносіць?'
Тут закрычаў Пратазы: 'Сціхніце ўсе! Досыць!
На ўказ! Вось я, Пратазы Бальтазар Брахальскі,
Імён двух, генерал калісьці трыбунальскі,
Па-просту - Возны, тут выказваю сцвярджэнне,
У сведкі беручы ўсё гэта акружэнне
І заклікаючы на следства Асасора,
Бо на законах і правах мая апора,
У справах шанаванага Суддзі Сапліцы
З прычын інкурсіі - наезду на граніцы
I ў замку гвалту: праўна ім Суддзя ўладае,
А доказ вось: у замку ён за стол сядае'.
'Брахун!'- ускрыкнуў Ключнік,- на вось за заслугі!'
І пук сваіх ключоў, рвануўшы ад папругі,
Крутнуў над галавой і выпусціў з размахам.
Жалезны жмут мільгнуў, як з прашчы; простым шляхам
Ён пэўне б лоб Пратазаму разбіў на чвэрці,
Ды, шчасцем, той схінуўся і не даўся смерці.
Усе ўсхапіліся і нейкі час маўчалі,
Суддзя ускрыкнуў: 'Гэй, хлапцы, чаго пасталі?
Звязаць яго!' І чэлядзь кінулася жвава
Праходам вузкім між сцяной і лавай,
