Але ім крэслам Граф загарадзіў дарогу
I, на апоры той умацаваўшы ногі:
'Стоп!- крыкнуў,- не дазволю, пан Суддзя, нікому
Майго слугу пакрыўдзіць у маім жа дому!
Хто мае скаргу на яго, сказаць мне можа!'
Тут глянуў Падкаморы на яго варожа:
'Без вашай дапамогі пакараць я ў сіле
Шляхцюшку злоснага, а вас мы б, Граф, прасілі
Прыпомніць, што прысвойваць замак 'шчэ зарана,
Мы за сталом не ў вас мо, а ў другога пана.
Сядзіце ціха і ўшануйце, як не гэту
Сівую галаву, дык першы чын павету!'
'А што мне? - буркнуў Граф,- даволі слоў між намі.
Нудзіце іншых паважаннем і чынамі!
Даволі глупства, што заняўся з вамі п'янствам,
Якое вось заканчваецца грубіянствам.
Вы мне яшчэ адкажаце за ўсе абразы!
Убачымся цвярозымі! За мной, Гервазы!'
Адказу гэтага ніяк не спадзяваўся
Пан Падкаморы, ён віна падліць узяўся,
Ды збіты Графа грубасцю, як громам,
Апёрся на кілішак бутлем нерухомым.
Схіліўшы галаву убок, наставіў вуха
І вочы шырака раскрыў, сказаў штось глуха,
Пасля зноў моўчкі чарку з гэткай сілай сціснуў,
Што звонка пырскнула, струмень віна аж свіснуў
У вочы і, нібы ў душу падсыпаў жару -
Так бліснуў зрок, і чырвань хлынула да твару.
Ўсхапіўся гаварыць і перш штось невыразна
Малоў, пакуль праз зубы выціснуў: 'Ад... блазна...
Вось я! Ах ты, Графчук! Тамаш! Дзе шабля? Я тут
Табе навучку дам! Ты, блазан! Пойдзеш к кату!
Урады, ўвагі нудзяць вушка без прывычкі!
Вось зараз паласну цябе праз завушнічкі!
За дзверы! Вон! Тамаш, дай шаблю мне ў той хвілі!'
Тут Падкаморага наўкола абступілі,
Суддзя ўхапіў за рукі: 'Гэта наша справа!
Я першы вызваны. За мной адпомсціць права!
Пратазы, шаблю! Зараз ён мне тут паскача!'
Тадэвуш прьшыніў Суддзю: 'О не! Задача
Утаймаваць яго павінна мне застацца,
А вам няёмка з гэткім фарсуном вязацца.
Пакіньце гэта мне, я дам яму навуку.
А ты, што на старых сваю ўзнімаеш руку,
Пакажаш заўтра нам, якога ты пакрою,
Што ты за рыцар, заўтра знойдзем пляц і зброю:
А сёння, покуль цэл, ідзі!'
І добра радзіў,
Бо Ключнік з Графам апынуліся ва ўладзе
Абураных людзей, дзе адыход быў цяжкі,
