А тут ужо з канца стала ляцелі пляшкі
Над Графа галавой. Жанчыны ўсе ў трывозе -
У плач, а Талімэна ў слабасці к падлозе
Хінуцца стала, раптам крыкнуўшы жалосна,
Пасля на рукі Графу ўпала і павісла млосна
Грудзьмі на грудзі у бяспамяцтве ад жаху.
А Граф, хоць злы, стрымацца мусіў у размаху,
Стаў церці, ажыўляць.
У той жа час Гервазы
Пад градам пляшак, табурэтаў, хоць не зразу,
Хістацца стаў. А чэлядзь, ссунуўшы рукавы,
Натоўпам бегла да яго. Ды тутка ў справы
Ўступіла Зося: хутка скокнула к старому
І засланіла ад напасці і пагрому.
Стрымаліся. Гервазы трохі ўзад падаўся
І знік з вачэй. Шукалі, дзе пад стол схаваўся,
А ён з канца другога вынырнуў, як з тоні,
I, лаву падхапіўшы ў дужыя далоні,
Крутнуўся, як вятрак. Уміг суцішыў залу,
І разам з Графам сталі адступаць памалу,
Заслоненыя лавай, к дзверцам за філяры.
А тут стары, зірнуўшы ворагам у твары,
Няўпэўнена хвіліну думаў: адступіцца
Ці ў бітву з новай зброяй раз яшчэ пусціцца.
Другое выбраў: лаву, як таран для муру,
Узад падаў дзеля размаху, ўсю фігуру
Напружыў і хацеў папхнуць, зрабіць дарогу,
Ды Войскага заўважыў і адчуў трывогу.
Сядзеў спакойна Войскі і з прыжмурам вока,
Здавалася, задумаўся над чымсь глыбока.
Але як з Падкаморым Граф пачаў спрачацца
І пагражаць Суддзі, стары аддаў табацы
Належнае і стаў ацэньваць Графа крокі.
Пан Войскі быў Суддзі якісь сваяк далёкі
I, жывучы здаўна ў яго гасцінным доме,
Так сябру спачуваў, як, пэўне, больш нікому.
Дык зацікаўлены ўсёй гэтай валтузнёю,
Руку на стол дастаў угору даланёю
І палажыў на ёй нож тронкамі да ногця
ўказальніка, лязом павернуты да локця,
І стаў ківаць рукою, быццам забаўляўся,
Прытым у Графа безупынна углядаўся.
Мастацтва кідання нажоў, страшное ў звадзе,
У той час у Літве было ўжо ў заняпадзе
І між старымі. Ключнік кідаў нож нярэдка,
Але ніхто так не пускаў, як Войскі, метка.
Відаць па руху рук, што нож запусціць з жарам,
А па вачах, што ў Графа цэліцца з ударам
(Ў апошняга з Гарэшкаў, хоць і па кудзелі).
