Шампанскага бутэлька за здароўе духаў.
А на другім паверсе ў той жа час у залі,
Якую некалі люстэркаваю звалі,
Стаяў Граф на балконе насупроціў брамы
І ветрам халадаўся. Рухам з нейкай драмы
Сурдут з пляча спусціў, палою ахінуўся
І быццам у плашчы шырокім апынуўся.
Гервазы ў кут з кута хадзіў цяжкой ступою,
І кожны повен дум гуторыў сам з сабою.
Граф мовіў: 'Пісталеты, а як не - палашы!'
Гервазы паўтараў: 'Зямля і замак нашы!'
'Пляменніка і дзядзьку,- ўскрыкваў Граф,- кліч к бою!
Увесь іх род!' 'Калі вы хочаце спакою,-
Выкрыкваў Ключнік,- замак, землі адбірайце,
Пан Граф, нічога ім не пакідайце!
Нашто судзіцца вам, мапанку? Суд кароткі:
Чатыры сотні год жылі тут вашы продкі.
Зямлі аднялі шмат дзялягі Таргавіцы
І перадалі, як пан ведаеш, Сапліцы.
Усё забраць ад іх, не толькі нашу долю,
За кошты ўсе судовыя, за самаволю!
Я вам не раз казаў: наездам праў дабіцца!
Я вам не раз казаў: даволі ўжо судзіцца!
Даўней бывала так: хто раз зямлю здабудзе,
Той пан. У полі выйграй, дык прысудзяць суддзі.
А што датычыцца з Сапліцам даўняй звады,
Дык тут не суд, а мой Сцізорычак дасць рады.
А як Мацей паможа з Розгай весці спрэчку,
То мы, мапанку, ўдвух з Сапліцаў зробім сечку'.
'О брава!- ўскрыкнуў Граф.- Твой план гота-сармацкі
Мілейшы мне на шмат, чым гоман адвакацкі.
Ты ведаеш, на ўсю краіну шуму будзе,
Бо аб падобных справах і не помняць людзі,
Дык пагуляем. За маё тут прабыванне,
За два гады, хто біўся? За мяжу сяляне!
А ў тым нашэсці нашым кроў паліцца можа.
Я раз, калі яшчэ бываў у падарожжах,
Такі паход праводзіў з князем у Сыцылы.
Тады ў яго бандыты зяця захапілі
І выкупу ад сваякоў патрабавалі.
Мы хутка слугаў і васалаў пазбіралі
І - к ім. Я сам аж двух забіў з таго іх зброду,
У табар іхні ўскочыў, вязню даў свабоду.
Ах, дарагі Гервазы! Што за трыумфальны
Быў наш зварот дамоў геройска-феадальны!
Народ нас з кветкамі сустрэў, а дочка князя
На грудзі ўпала мне ва ўдзячнасці й экстазе.
Калі ж прыбыў я ўжо ў Палерма, ўсе газеты
І ўсе жанчыны славілі выпадак гэты.
