І бачыць сам сябе, як конны з грозным крыкам

Ляціць у бой з мячом бязлітасным вялікім;

Расшпіленая рвецца ўгору тарататка,

І з вуха з'ехала назад канфедэратка.

Ляціць ён і сустрэчных валіць, рэжа, коле

І на канец Сапліцу паліць у стадоле.

Ды вось паблыталіся думкі бесталкова,

І так заснуў апошні ключнік Гарашкова.

Кніга шостая. Засценак

Змест: Першыя ваенныя рухі наезду. Паход Пратазага. Робак з панам Суддзём радзяцца пра грамадскія справы. Працяг бескарыснага паходу Пратазага. Урывак пра каноплі. Шляхоцкі засценак Дабрын. Апісанне сялібы і асобы Мацька Дабрынскага.

Няўзнак світанне кралася з сырога змроку,

Дзень без румянца несучы, без свету ў воку.

Хоць дзень настаў, ён ледзь прыкметны праз туманы.

Імгла вісела над зямлёй, як саламяны

Застрэшак над хацінай літвіна. На ўсходзе

Відаць на небе па рассветленым абводзе,

Што сонца ўстала, што ўзнімаецца над нівай,

Але, яшчэ заспанае, ідзе ляніва

Па прыкладу нябёсаў і зямля заспала.

Пазней на луг жывёла выйшла, крочыць вяла

І зайцаў спозненьгх трывожыць пры сняданку.

Звычайна ў гай яны ўжо скачуць на світанку,

А ў сённяшняй імгле то хрумстаюць макрыцу,

То скачуць парамі, то ў гурт прабуюць збіцца,

Капаюцца ў раллі, гуляюць на прасторы.

Спалоханыя, ў лес бягуць уздоўж разоры.

І ў лесе цішыня. Не хочацца птушыне

Пяяць, расу атрэсла, сеўшы на галіне,

Галоўку ўціснула ды жмурыцца ў дрымоце

I ўсё чакае сонца. Дзесьці на балоце

Клякоча бусел і, абмокшыя, ўсё ранне

Працяжна каркаюць вароны у тумане,

Абрыдлыя сялянам, бо варожаць слоту.

Сяляне ўжо даўно ўзяліся за работу.

Пачаўся жнеяў спеў працяглы і маркотны,

Так сумны, аднастайны, як дзень гэты слотны,

І тым сумнейшы, што ў імгле без рэха гіне.

Вось хруснулі сярпы у спелай азіміне,

І рад касцоў сячэ атаву на лагчыне,

Насвістваючы песню; а ў канцы пакосаў

Спыняюцца ўсе, менцяць або клеплюць косы.

Людзей не ўбачьпп, толькі чуецца ў тумане

Звон кос, сярпоў ды песняў стройнае гучанне.

А аканом, на сноп прысеўшы сярод збожжа,

Маркоціцца, за працаю сачыць не можа,

На тракт, на скрыжаванне хіліць зрок цікавы,

Дзе незвычайныя заўважыў справы.

Гасцінцам, па дарогах з самага ўжо ранку

Снуюць падводы. Вось мужыцкую фурманку

Мінае брычка, быццам пошта, ў поўным чвале,

За ёй бяжыць другая, трэцюю дагналі.

Налева пасланец матнуўся, бы ў пагоні,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату