Ён для дарогі мае іншае адзенне:

Шырокія райтузы, куртку па калені,

Якой на гузіках падшпільваюцца полы

Або спускаюцца. Таксама могуць долу

Спускацца ўверх падвязаныя шапкі вушы.

Апрануты так, з палкай пехатою рушыў,

Бо Возны перад справай, як шпіён ваенны,

Пад выгляд маскіруецца зусім адменны.

Каб Возны не так спешна выйшаў у дарогу,

То іскам тым пацешыўся б зусім не многа,

Бо ў Сапліцове перайначыліся планы.

Ксёндз Робак да Суддзі прыбег усхваляваны

І кажа: 'Вось бяда, Суддзя, нам з цёткай гэтай,

3 той Талімэнай, ветрагонам і какетай.

Як Зося апынулася ў сірочым стане,

Аддаў яе пан Яцак ёй на выхаванне,

Пачуўшы, што яна разумная, свет знае,

А бачу, што яна муціць нам пачынае.

Тадэвуша звяла інтрыгамі сваімі

І Графа баламуціць - круціць абудвымі.

Дык абмяркуйма, як пазбыцца гэтай цёткі,

Бо не агледзешся, як тут паўстануць плёткі,

Злы прыклад, нават звады з гэтае нагоды

І перашкодзяць з Графам вам прыйсці да згоды'.

'Да згоды?!- закрычаў Суддзя усхваляваны,-

Са згодай скончана, план згоды разарваны!'

'А гэта што?- ускрыкнуў Робак.- Дзе ж галовы?

Што, ваша, баеш? Зноў скандал якісьці новы?'

'Віна тут не мая,- сказаў Суддзя,- вось суддзям

Даказана ўсё Графава нахабства будзе.

Латруга і Гервазы. Ды суд прыме меры!

Шкада, што не былі вы, ксенжа, на вячэры,

Пасведчылі б, як страшна Граф мяне абразіў'.

'Пашто ж, пан,- крыкнуў Робак,- у руіны ўлазіў?

Я гэтак замка не цярплю. І больш нічога

Мяне туды не ўцягне. Вось зноў кара Бога!

Як там было? Скажы! Зноў трэба ўсё наладзіць.

Мяне дурнота ваша пачынае гадзіць.

Важнейшыя ёсць справы, чым мірыць разлады,

Ды раз яшчэ зміру'. 'Змірыць? Без вашай рады

Абыдзецца. А вы лепш ціхенька сядзіце,-

Сказаў Суддзя са злосцю.- На табе! Глядзіце!

Якісьці там манах мне дасць загад мірыцца!

Знай, ваша, што мірыцца не прывык Сапліца,

Падаў у суд, дык выйграе. Выпадкі ў нас бывалі,

Што ў шостым пакаленні суд мы выйгравалі.

Даволі глупства, што па вашаму жаданню

Я трэці раз склікаю суд размежавання,

А сёння згоды ўжо няма, няма між намі!

(Выкрыкваў і хадзіў, і біў як вол нагамі.)

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату