Загрукатала брычка, ўзняўшы пылу хмару,
Аж ледзь руды каптур з той цемры гляне,
Нібы арол, калі ў аблоках віцца стане.
А Возны быў ужо ад дома Графа блізка.
I, быццам знюхаўшы здалёку сала, ліска
Бяжыць к яму ды безупынна ўсё гадае,
Ці ежа не атручана, ўсё разглядае,
Спыняецца, а то на задніх сядзе лапах
І веерам-хвастом ганяе пах па храпах,-
Так Возны ўбок звярнуў з дарогі, полем крочыць,
Махае палкай, пільна за сялібай сочыць
I, быццам быдла ўбачыўшы, што ўлезла ў шкоду,
Праз луг ідзе, але крадзецца ў бок гароду.
І раптам, нібы гонячы драча балотам,
Пабег сагнёны і ў каноплях знік за плотам.
У гэтай цёмналістай і густой расліне
Ля дому ёсць прытулак птушцы і звярыне,
І людзям. Часта заяц, спуджаны ў капусце,
Шукае сховішча ў каноплях, а не ў кусце,
Бо ў гэтых гушчарах няма для харта ходу,
Ганчак жа там яго не зветрыць ад смуроду.
Дваровы там ад бізуноў ці аплявухаў
Хаваўся і сядзеў, пакуль пан гневам бухаў.
Нярэдка ўцёкшым ад ракрутчыны сялянам
Здаралася хавацца ў лесе канапляным.
Таму ў час бітвы ці наездаў, дратаванняў
Бакі абодва не шкадуюць намаганняў,
Каб толькі затрымаць каноплі за сабою,
Бо тым яны карысныя ў хвіліну бою,
Што з хмелевым далей злучаюцца спляценнем,
Спрыяючы атакам ды і адступленням.
Пратазы, хоць быў смелы, не пазбыўся страху,
Бо ўспомніў зараз ад расліны гэтай паху
3 даўнейшых часаў некаторыя выпадкі,
Як доказ, што шлях службы Вознага не гладкі:
Прыпомніў Тэльшы і шляхцюгу Дзіндалета,
Які, упёршы ў грудзі дула пісталета,
Пад стол загнаў адчытваць іск сабачым брэхам,
Ды памаглі каноплі - скончылася смехам.
Другі раз Валадковіч, злоснік небывалы,
Што разганяў нарады, ганьбіў трыбуналы,
Прыняўшы раз ад Вознага з суда паперы,
Парваў іх і паставіў гайдукоў на дзверы,
А сам крычаў, падняўшы меч над галавою:
'Зжары свае пісулькі, не дык вось раскрою!'
Стаў есці, аж на лобе ўсталі поту кроплі,
Ды бухнуў праз акно і шуснуў у каноплі.
І не ўжываў ніхто ні шаблі, ні нагаяў
На Возных, толькі мо хто дзе аблаяў,
Не знаў Пратазы перамены абычаяў.
Даўно ўжо вельмі з іскамі ён не насіўся,
