А абаронны быў калісьці! Поўна знакаў,
Што многа помніць ён нападаў і атакаў.
За брамаю валялася паводдаль хаты,
Як галава дзіцячая, ядро гарматы
Ад шведскіх часаў; некалі крыло у браме
Абапіралі на яго, нібы на камень.
На панадворку ў палыне і розным зеллі
Магільныя старэнькія крыжы тырчэлі.
Іх больш дзесятка. Тут знайшлі сабе магілы
Забітыя раптоўна ўдарам страшнай сілы.
Каб хто прыгледзеўся бліжэй к будынкам,
Заўважыў бы ў бярвеннях, шчылінах, пад тынкам
Шрамы счарнелыя, а ў кожнай гэткай пляме
Засела куля, быццам чмель у цёмнай яме.
А ля ўваходу ў дом і клямкі ўсе, і гакі
Або абсечаны ці носяць шабляў знакі:
Тут, пэўне, правяралі гарт тых Зыгмунтовак,
Якімі можна нарубаць з цвікоў галовак
Ці крук рассекчы, не зрабіўшы ў шаблі шчэрбы.
Паверх дзвярэй віднеліся Дабрынскіх гербы,
Ды сыры іх з паліцай зараз абступілі,
І гнёзды ластавак вясёлых абляпілі.
У доме, стайні, клуні, нават і у садзе
Убачыш поўна зброі, нібы ў нейкім складзе.
Пад стрэхамі падвешаны чатыры каскі -
Прыгожасць марсавых галоў,- там абавязкі
Бацькоў спраўляюць галубы, Венеры птушкі
Над жолабам кальчуга, звязана за вушкі,
І панцыр лускаваты служыць за драбіну,
Ў якую жарабкам кідаюць канюшыну.
Кухарка некалькі рапір адгартавала,
Бо іх замест ражноў, бязбожная, ўжывала,
Трафеем з Вены - бунчуком змятае жорны.
Багіні Цэрэс даў дарогу Марс праворны,
А тая з Флёраю, Памонай і Вяртумнам
Апанавала дом, хлявы, свіронак, гумны.
Але сягоння расступаюцца багіні:
Вярнуўся Марс.
Чуць свет з'явіўшыся ў Дабрыне,
Якісьці пасланец па вёсцы скача конна
І будзіць, як на паншчыну. Перш шляхта сонна
Устае і пачынае ў вуліцах таўпіцца -
Гудзе карчма, і свеціцца ў ксяндза ў святліцы.
Старэйшыя ідуць пытаць, што гэта значыць,
Парадзіцца, а хлопцы ўжо на конях скачуць.
Жанчыны ў крык, трымаюць, тыя з рук іх рвуцца,
Бягуць кагосьці біць, вяртаюцца, злуюцца
Ды ўсё ж спыняюцца. А у ксяндза плябана
Нарада доўгая вялася ўсхвалявана,
Але, калі надзеі не было на згоду,
Рашылі запытаць Мацея, бацьку роду.
Хоць семдзесят два годы меў Мацей старэчы,
