Ды дужы быў, прысадзісты, шыракаплечы.
Яшчэ канфедэратам будучы, сваёю
Дамаскай шабляй ён праславіўся крывою,
Штыкі і пікі з-пад якой ляцелі сечкай,
Якую сціпла жартам называў Рузэчкай.
З канфедэрата потым манархістам стаўся
І Тызенгаўзавай палітыкі трымаўся,
Але, калі кароль прымкнуў да Таргавіцы,
Ён паспяшаўся зноў з ім хутка разлучыцца.
За тое, што змяніў ён партыяў так многа,
Пачалі Пеўнем на касцеле зваць старога,
Што ён, нібы той пеўнік, ветрам кіраваўся.
Прычыны гэткіх змен не кожны б дакапаўся:
Магчыма, што Мацей любіў так моцна войны,
Што іх усё шукаў яго дух неспакойны,
А мо, палітык быстры, толькі кіраваўся
Дабром радзімы і ўслужыць ёй лепш стараўся,
Хто знае! Толькі пэўна, што ані калісьці,
Ні потьш не шукаў ён славы ці карысці
І не звязаўся з царскай партыяй ніколі,
І што цярпець не мог ён царскае няволі,
І каб не ўбачыць маскаля, праседжваў дома,
Як той мядзведзь, што лапу ссе між буралому.
Апошні раз, пайшоўшы на вайну з Агінскім
У Вільню, дзе служылі разам пад Ясінскім,
Ён з Розгай проста цуды паказаў адвагі.
Вядома, што ён першы збег з акопаў Прагі
Пацея бараніць, які ляжаў стаптаны,
У баі тым атрымаўшы дваццаць і тры раны.
І доўга іх усе лічылі за забітых,
Ды вось вярнуліся, дзіравыя, як сіты.
Дык пан Пацей, дабраўшыся з вайны дахаты,
Свайму выбаўцы ахвяроўваў дар багаты:
Даваў фальварак з пяці хат у карыстанне
І злотых тысячу што год на утрыманне,
Але Дабрынскі мовіў: 'Хай Пацей Мацея,
А не Мацей Пацея лічыць дабрадзеем'.
Адмовіўся ад фаліварка і ад платы,
І з працы ўласнай жыў, вярнуўшыся дахаты
Рабіў вуллі, лякарствы рыхтаваў жывёле,
На торг слаў курапатак, што лавіў на полі,
І паляваў на звера.
Хоць было ў Дабрьше
Старых людзей не мала, што і па-латыні
Умелі, і закон маглі тлумачыць з ходу,
Было шмат багацейшьгх, з усяго ўсё ж роду
Мацей, прасцяк убогі, меў найбольш пашаны.
Не толькі ён праз Розгу быў навокал знаны,
Але як мудры чалавек, што ведаў многа
Пра родны край і род, і з роду пра любога.
Законы знаў і ведаў гаспадаркі справы,
