Сакрэты знаў стральбы, знаў лекавыя травы,
А на'т хадзілі чуткі (толькі ксёндз пярэчыў),
Што ведае ён шмат чаго з таемных рэчаў.
Прытым усе надвор'я перамены знае
І лепш за каляндар пагоду угадае.
Дык і не дзіва, што ці то перад дарогай,
Ці перад працаю пыталіся старога.
Ні суд, сяўба, дажынкі, згода пасля звады -
Нічога не ішло без Мацькавай парады.
Мець гэткае значэнне Мацек не стараўся,
А нават на кліентаў часцяком злаваўся
І моўчкі вьшіхаў іх цераз дзверы дому,
Бо радзіць не хацеў ніколі і нікому.
Аднак, убачыўшы каго ў цяжкіх умовах,
Часамі што сказаў і то ў кароткіх словах.
Дык думалі, што сёння дзеля важнай справы
Парадзіць ці захоча весці ў бой крывавы,
Бо ён любіў сутычкі ў маладыя годы
І з маскалём счапіцца ждаў адно нагоды.
Якраз стары хадзіў ля стайні і аборы
І ціха пеў 'Калі ўстаюць уранні зоры',
Пагодзе рады, бо імгла ішла не ўгору,
Як гэта ў слотную заўжды бывае пору.
А ападала. Вецер расхінуў далоні,
Імглу разгладжваў, рассцілаў па шэрым склоне,
А сонца ў той час зверху тысячай праменняў
Залоціць, серабрыць, румяніць рэшту ценяў.
Як слуцкія майстры ўдваіх ткуць пояс літы -
Дзяўчына распраўляе шоўк, на кросны ўзвіты,
І гладзіць фон, а зверху ткач у пасмы тыя
Кідае ніткі серабрыста-залатыя
І творыць кветкі; так зямлю сягоння дбала
Туманам вецер заснаваў, а сонца ткала.
Мацей сагрэўся ў сонцы, перастаў маліцца
І вось пачаў аб гаспадарцы клапаціцца:
Прынёс травы, лістоў, пад хатай сеў і свіснуў.
На свіст бялюткім пухам гурт трусіны бліснуў;
Нібы нарцысы, на траве трусы зайрдзелі
І квеццем беласнежным зацвіталі ў зеллі.
А вочкі свецяць, як крывавыя рубіны,
Ушытыя ў зялёны аксаміт раўніны.
Становіцца на лапкі кожны, рушыць вухам,
Глядзіць, пасля ўсе гуртам белапухім,
Прынаджаныя лісцем свежае капусты,
Бягуць да ног, калені абсядаюць густа.
Ён сам, як трус, бялюткі, любіць іх занадзіць
І белы цёплы пух іх далікатна гладзіць.
Другой рукою проса кідае ў бок плоту
Для вераб'інае, што валіцца са стрэх, галоты.
І вось неспадзявана цераз паўхвіліны
