Сказаў Прусак,- бо гэта ад яго навіна.
Тым часам трэба слаць шпіёнаў на граніцу
І ўзбройваць тых цішком, якія могуць біцца,
А покуль што з намерамі не адкрывацца
І да паўстання ўсёй акругай рыхтавацца'.
'Чакаць? брахаць? цягнуць?- другі Мацей падняўся
Які Крапіцелем праз доўбню зваўся,
Празваную Крапілам - меў яе з сабою,
I, рукі скрыжаваўшы па-над булавою
І, ўспёршы бараду, крычаў:-Чакаць! Спрачацца!
I доўга думаць! Гэм, трэм, брэм, пасля змывацца!
Я ў Прусіі не быў, і розум крулявецкі -
Для прусакоў, а ў мяне ёсць свой, шляхецкі.
Хто хоча ў бой, павінен за крапіла брацца,
А хто ўмірае, тому трэба спавядацца!
Я жыць хачу і біць! Нашто нам бернардыны
Ці Робакі? якой патрэбны нам прычыны?
Мы самі - рабакі і маскалёў падточым!
Чакаць! Цягнуць! Дзяды вы, я скажу у вочы!
І недарэкі! Хай сабака ходзіць нюхаць,
Ксёндз пабірацца, а мне трэ' крапілам рухаць!
Крапіць! крапіць! і ўсё тут'. даўбню пагладзіў.
За ім: 'Крапіць! крапіць!'- пранеслася ў нарадзе.
Тут Бартак, што ад тонкай шаблі Брытвай званы,
Мацей з мянушкай Конаўка, бо пастаянна
Насіў з шырокай руляй стрэльбу і з якое
Мог тузін куль, як з конаўкі, лінуць ракою,
Крычалі гучна разам: 'Хай жыве Крапіла!'
Прусак зноў слова браць хацеў, ды заглушыла
Яго шмат крыкаў: 'Вон з ім трусам-прусачынам
Хто трус, таму не быць байцом, а бернардынам!'
Тут галаву падняў стары Мацей з задумы,
І зараз жа заціхлі крыкі ўсе і шумы.
'Насмешкі з Робака,- сказаў ён,- без карысці,
Бо ён чарвяк, які арэхі можа грызці.
Я бачьгў раз яго, ледзь толькі кінуў вокам,
Пазнаў, што ён за птушка; ён крутнуўся бокам
І рушыў, не хацеў, відаць, мне спавядацца.
А што мне? Што мне ў справы не свае мяшацца?
Сюды не прыйдзе, не чакайце бернардына.
Калі ж вось гэта ад яго прыйшла навіна,
Дык што ў яго за мэта? Бес ён, не ксянжына!
Як апроч гэтага не знаеце нічога,
Тады чаго вам трэба? Скуль уся трывога?'
'Вайна! ' крычалі. 'З кім?'- спытаў. 'З Масквой! Масквою!
Крычалі ўсе.- Гайда на маскалёў! Гэй, к бою!'
Прусак перакрычаць усіх яшчэ стараўся
І голас узвышаў, які пісклівым стаўся,
Прасіў паклонам слова і махаў рукамі.
'I я,- крычаў, б'ючыся ў грудзі кулакамі,-
Хачу змагацца! Раз дык жэрдкай ад віціны
