Аж чатыром прусакам справіў я хрысціны
За тое, што ўтапіць мяне хацелі ў Прэглі!'
'Ты, Бартак, зух! Крапіць, крапіць, каб зразу леглі!' -
Крычаў Хрысціцель. 'Бог мой! Трэба ж, хіба, ведаць,
З кім мы ваюем,- рваўся Бартак,- трэ' ж разведаць,
Адкуль і як пачаць. Падумайце ж вы самі,
Адразу так народ не вырушыць за намі!
Браты! Паны! Уважце! Як жа лезці ў схватку,
Калі няма ў нас ладу ні парадку!
Вы хочаце вайны? Перш сарганізавацца,
Намеціць планы трэба - сканфедэравацца.
У Польшчы так было: вось бачым райтараду
Нямецкую, склікаем тайную нараду,
Прыводзім шляхту і вясковы люд да ладу
І так чакаем ад Дамброўскага наказу.
Пасля - гайда на коней і ў бой скачам зразу'.
'Прашу даць слова!' - камісар ускрыкнуў клецкі,
Прыстойны, малады, у вопратцы нямецкай.
Ён зваўся Бухман, але быў палякам зроду,
Хоць невядома, ці быў шляхціцам; нагоды
Ніхто не меў навесці спраўкі пра Бухмана.
Даволі, што ў вялікага служыў ён пана,
Быў добрым патрыётам, многа меў навукі
І з кніг чужых знаў гаспадарнічання штукі,
Адміністрацыю двароў вёў вельмі ўмела
І аб палітыцы судзіў заўсёды смела,
Пісаў прыгожа, вельмі гладка выслаўляўся;
Дык змоўклі ўсе, як толькі адазваўся.
'Прашу даць слова!- паўтарыў. Пасля з паклонам
Адкашляўся і так прамовіў зычным тонам: -
Мае прадмоўцы ў выступленнях красамоўных
Ужо да пунктаў дакрануліся галоўных,
Дыскусію на значную ступень узнялі,
Дык думкі трапныя, што вельмі ўсіх занялі,
Мне застаецца толькі ўзгодніць і адгладзіць,
Каб больш змястоўна нам дыскутаваць і радзіць
Дыскусія дзве часткі ў нас сягоння мела,
І я трымацца буду гэтага раздзела.
Найперш: чаму мы маем узнімаць паўстанне?
Ў якім напрамку?- гэта першае пытанне.
А вось другое ўжо адносіцца да ўлады.
Падзел тут трапны. Але перш за ўсё - загады:
Калі мы ўладу неабходнай нам знаходзім,
То ўжо з яе з'яўлення мэту, сэнс выводзім.
Дык што да ўлады. Вось вачыма прабягаю
Гісторыю народаў і спасцерагаю,
Што дзікі род людскі яшчэ ў глыбінях лесу
Злучаўся для супольных спраў і інтарэсу
І радзіўся. Так перш паўсталі рады.
Тады ўжо кожны для агульнае улады
