Сваёй свабоды частку аддаваў памалу,
І так статут і права паўставала.
Дык бачым, што законы не прыйшлі ад Бога,
А ад саміх людзей залежыць вельмі многа.
Дык на кантракце абапёршыся народным,
Падзел улады стаў з'яўляцца неабходным...'
'Няхай кантракт народны! Кіеўскі ці Мінскі,-
Сказаў стары Мацей,- няхай урад бабінскі!
Пан Бухман, Бог нам царскую ўдружыў уладу
Ці чорт, не дойдзем зараз з вамі мы да ладу.
Вось лепей, як цара пазбыцца, дайце раду'.
'Вось загваздка,- сказаў Крапіцель,- каб так скокнуць
Крапілам да прастола і цара раз 'кокнуць',
То ўжо ні Кіеўскім ён не вярнуўся б трактам,
Ні Мінскім, і ніякім Бухманскім кантрактам,
І ўваскрасіць яго ўжо сілы б не хапіла
Ні ў чорта, ні ў папоў. Дык хай жыве Крапіла!
Гаворыш ты, пан Бухман, гладка, безумоўна,
Ды гэта ўсё шум-друм. Крапіць трэ', пан шаноўны!'
'Во, во!- ускрыкнуў задаволены Брытэўка,
К Хрысціцелю ад Мацька скачучы, як цэўка,
У кросны закіданая - той самай сцежкай,-
Адно ты, Мацек, з Розгай, ты, Мацей, з даўбешкай,
Адно згадзіцеся, дальбог наробім сечкі
З маскалёў. Брытва пад каманду йдзе Рузэчкі!'
'Каманда,- зноў сказаў Хрысціцель,- на парадзе
Патрэбная, а ў нашай Ковенскай брыгадзе
Была кароткая: палохай, сам не бойся,
Бі, не давайся, наступай, сячы прыстройся:
Шах-мах!' 'Во, во!- зноў Брытва піснуў,- во, як міла!
Нашто тут акты нам складаць, псаваць чарніла?
Канфедэрацыі нам трэ'? За гэта спрэчка?
Дык вось - маршалак! Наш Мацей з жазлом Рузэчкай!'
'Няхай жыве Мацей!' - крычаў Хрысціцель,
А шляхта крыкнула: 'Няхай жыве Крапіцель!'
Ды па кутах пачуўся шум нездавальнення,
Відаць, што ў радзе пачалося раздваенне.
Тут Бухман крыкнуў: 'Згоды я не пахваляю
Ніяк!' А хтосьці закрычаў: 'Не дазваляю!'
Другія ім падтакваюць. У той час груба
Басіць пачаў прыбыўшы толькі што Скалуба:
'Што ж вы, паны Дабрынскія? У чым тут справа?
Ці вы не ўздумалі нас вылучыць з-пад права?
Калі наказ нам далі сённяшняга ранку,
А прыязджаў у наш засценак сам Мапанку,
Рубайла Ключнік, то казалі, што ўсю гэту
Нараду склікалі для цэлага павету,
Што справа не адных Дабрынскіх закранае.
Прагаварыўся ж Робак, бо ён болей знае,
Чым кажа, але, зводзячы канцы з канцамі,
Мы - тут, суседзяў павядоміўшы ганцамі.
Вы не адны, паны Дабрынскія, нарэшце,
З другіх засценкаў многа - чалавек мо дзвесце,
