Трусы прапалі ў норах, а ўвесь вераб'іны
Натоўп шугнуў на стрэхі з гоманам трывожным,
Дарогу даючы гасцям ці падарожным.
А гэта ад плябаніі пасля ўжо звады
Ішлі паслы прасіць Мацеевай парады.
Яшчэ здалёк аддаючы яму паклоны,
Прамовілі: 'Хрыстос хай будзе пахвалёны',
'На векі векаў, аман',- адказаў старэча,
Пазнаўшы, што прыйшлі не для пустое рэчы;
У хату просіць. Увайшлі, абселі лаву,
А першы, стоячы, пачаў выкладваць справу.
Тым часам шляхты штораз болей прыбывала
Дабрынскія амаль усе, чужых не мала
З суседства ўзброеных і без ніякай зброі,
У брычках, каламашках, конна, пехатою;
Вазы стаўляюць, коней да бярозак вяжуць,
І ўсім цікава, што нарады тут пакажуць.
Святліца поўная, і сені - да паловы,
А многія праз вокны ўціснулі галовы.
Кніга сёмая. Нарада
Змест : Выратавальныя парады Бартака, празванага Прусаком. Салдацкае слова Мацька Хрысціцеля. Палітычнае слова пана Бухмана. Янкель заклікае да згоды, якую рассякае Сцізорык. Прамова Гервазага, у якой выяўляецца сеімавае красамоўства. Пратэст старога Мацея. Раптоўнае з'яўленне падмацавання абрывае нараду. Гайда на Сапліцу!.
Спярша стаў Бартак Прус выкладваць справу.
За тое, што ў Крулевец ён хадзіў для сплаву,
Яго празвалі Прусаком аднасяльчане
У жарт, бо прусаў не любіў з пераканання,
Хоць часта ўспамінаў. Быў веку пажылога,
Нямала вандраваў па свеце, бачыў многа,
Палітыкай цікавіўся, чытаў газеты
І растлумачыць шмат што мог на зборы гэтым.
Дык вось ён так канчаў:
'Наш дарагі Мацею,
Мой браце, а для ўсіх, шаноўны дабрадзею,
Тут не малая дапамога. У французе
Я ўпэўнены, як быццам у казырным тузе:
Народ ваенны, а ад часаў Тадавуша
Касцюшкі (кожны з тым цяпер змірыцца змушан)
Няма ваякі большага за Банапарта.
Я помню, як французы перайшлі праз Варту.
Я за граніцай быў тады, у годзе панскім,
У тысяча васьмісот шостым, і пад Гданскам
Вёў гандаль. Сваякоў жа маю я ў Пазнанскім,
Дык ездзіў іх наведаць у той час з Юзэфам
Грабоўскім, што сягоння рэгіменту шэфам,
А ў той час жыў у вёсцы блізка Аб'язера,
І мы на дробнага там палявалі звера.
Бьшо спакойна ў Велькапольшчы ў гэтым часе,
Ды ўміг аб страшнай бітве вестка разышлася;
Да нас прыймчаўся мігам пасланец Тадвэна,
Грабоўскі ліст счытаў і крыкнуў: 'Ена! Ена!
Прусакі збітыя дазвання - перамога!'
