Вачыма чорнымі, арлінымі насамі
І чорнымі (кроў чыстых ляхаў) валасамі.
3 зямлі Дабрынскай некалі прывандравалі
I хоць чатырыста гадоў тут пражывалі,
Мазурскай засталіся верныя радзіме.
Калі хто з іх даваў свайму дзіцяці імя,
Дык браў апякуном кароннага святога:
Барталамея ці Мацея - не другога.
Дык сын Мацея быў заўсёды Баўтрамеем,
А Баўтрамея сын мог толькі быць Мацеем,
Жанчыны ў іх былі ўсе Кахны ці Марыны.
Каб разабрацца сярод гэткай блытаніны,
Прымалі розныя мянушкі ад заганы
Ці якасці, з якой быў хто найлепей знаны.
Мужчыны мелі часам прозвішчаў і многа
То ў знак пашаны, то ад нораву якога.
Інакш часамі звалі шляхціца ў Дабрыне,
А іншым імем у чужой ён зваўся гміне.
Дык за Дабрынскімі паны, а потым служкі
Браць сталі прозвішчы, па-нашаму - м я н у ш к і
І рэдкі ведае, хоць выдумка ўсё ў модзе,
Што нарадзілася яна ў Дабрынскіх родзе.
Ды там была патрэбнай, а па цэлым краі
Не йнакш, як перайманнем увайшла ў звычаі.
Дык Матыяш Дабрынскі, шанаваны дзеля
Старшынства ў родзе, зваўся Пеўнем на касцеле,
Але з Касцюшкаўскае эпапеі змрокам
Мянушку ён змяніў і звацца стаў абокам,
У Дабрыне ён зваўся Каральком - як бацька,
А Літвіны празвалі Над Мацькамі Мацькам.
Як над Дабрынскімі ён сам, яго сяліба
Над вёскай панавала, і чужынец хіба
Не знаў, хто жыў паміж касцёлам і карчмою,
Дзе кожны кут паглядваў страшнай беднатою.
Двор без варот, платы ў развале, і бярозкі
На градах, але дом быў, як сталіца вёскі,
Бо лепш і раскашней за іншых збудаваны -
Ён правым бокам, дзе святліца, быў цагаяны.
Паводдаль свіран, стайня, клуня і абора -
У гурце ўсё і ўсё прыгнутае ад гора
І надзвычайнай старасці. Вакол па даху,
Як быццам хто зялёную раскідаў бляху,
Свяціўся мох, і гойдаў травы ветру подых,
Нібы на лузе ці ў падвешаных гародах.
Там крапіва, а там чырвоныя кракосы,
Дзеванна жоўтая і шчыраў фарбных косы.
Тут розных птушак гнёзды - галубоў пад дахам
І ў вокнах ластавак, а з-пад дзвярэй са страхам
Трусы вылазяць, рыюць норы на палетку,
Дык двор нагадвае трусятнік або клетку.
