Ахвотна паслужу я краю дарагому.

Душу яму аддам. Не лепшы я з ваякаў,

Ды й мой палаш таму-сяму пакінуў знакаў.

Раз я на сейміку адным у бой паклікаў

І ў паядынку зраніў двух братоў Бузвікаў,

Што... ды не ў гэтым справа. Як тут разабрацца,

Ці трэба неадкладна ў поле выбірацца?

Стралкоў сабраць не цяжка. Пораху мы маем

І некалькі гарматак у ксяндза хаваем,

А ў Янкеля, я знаю, ёсць жалезкі к пікам,

Што будуць годныя і якасцю і лікам.

Жалезкі гэтыя прывезены з Крулеўца

Тайком, а зараз мы да іх наробім дрэўкаў.

І шабляў хопіць. Шляхту конна ўміг пасадзім,

Я - на чале з пляменнікам, а там - паглядзім!'

'Вось кроў паляка!- ўскрыкнуў бернардын,- не скрыю,

Я гэтага й чакаў! - і згроб Суддзю за шыю. -

'Ты сын Сапліцаў, ты прыслужышся радзіме

І з братніх він цяжкіх сваё ачысціш імя.

Ты быў мне мілы заўсягды, а з гэтай хвілі

Ты мне, як брат, нас справы зараз параднілі.

Мы падрыхтуемся, бо рушым не адразу,

Я месца вызначу і час, чакай наказу.

Я знаю, цар ганцоў паслаў да Банапарта -

Прадоўжыць мір ён дабіваецца упарта,

Але цяпер яго старанне мала варта.

Француз Біньён з напалеонаўскае рады

Гаворыць, што нічым закончацца нарады,

Што быць вайне. А наш князь Юзаф тому рады,

Мяне сюды ў Літву направіў ён з наказам

Разведаць, ці не хочаце вы з Польшчай разам

За кесарам ісці, як многія народы,

І ў чым ваш доказ, што чакаеце свабоды.

Тым часам, браце, з Графам трэба ўсё наладзіць.

Хоць ён дзівак, фантаст, радзіме ён не здрадзіць,

Ён добры патрыёт і справе дапаможа.

Бо кожны з дзівакоў карысць прынесці можа,

І нават могуць дурнаватыя змагацца,

Калі захочам імі мы апякавацца.

Граф - пан і ў шляхты навакольнай у пашане,

Па прыкладу яго і ўвесь павет паўстане.

Маёмасць знаючы яго, разважыць кожан:

Калі паны ідуць, быць рызыкі не можа.

Дык вось бягу к яму'. 'Хай так сябе не ўзносіць,-

Сказаў Суддзя,- няхай прыедзе, перапросіць

Мяне, бо я ж старэйшы ды і пост займаю!

А справу хай зноў суд арбітраў разбірае...'

Тут ксёндз дзвярыма стукнуў. 'Ну дык едзьце з Богам',-

Сказаў Суддзя.

Ксёндз сеў на воз адразу за парогам,

Б'е пугай, лейцамі сваю варушыць пару.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату