Апроч таго, за свой нахабны, злосны ўчынак
Хай Граф нас перапросіць, не - дык паядынак!'
'Што ж будзе, як аб тым даведаецца Яцак?
Памрэ ад жалю, бо не можна забывацца,
Што замак ад Сапліцаў вынес шмат благога.
Ах, брат, глядзі, каб тора не было замнога!
Ты ведаеш, што землі замка Таргавіца
Забрала, а пасля перадала Сапліцам,
І Яцак за грахі пакляўся перад Богам,
Што верне ўсё назад да самага малога,
Дык у апеку ўзяў Гарэшкі ўнучку Зосю.
Плаціць за выхаванне многа ўжо прыйшлося.
А ён хацеў яе з Тадэвушам сасватаць
І гэтак дзве нязгодныя сям'і пабратаць,
Наследніцы аддаць, на што ў яе ёсць права'.
'Што мне?- сказаў Суддзя.- А мне якая справа?
Я нават і не бачыўся ніколі з Яцкам,
Ледзь чуў і аб жыцці ягоным гайдамацкім.
У езуітаў я вучыўся ў тыя годы,
Пасля прыдворным быў у замку ваяводы.
Маёмасць далі, я узяў, прыняў і Зосю,
Глядзеў яе і дбаю аб далейшым лёсе,
Ды бабская гісторыя ўжо мне дадзела!
Пасля, чаго Граф лезе ў не свае надзелы?
3 якім да замка правам? Скуль яно узята?
Гарэшкам ён - вадой на кісялі дзесятай!
Ён лаецца, а я павінен з ім мірыцца?!'
'Брат,- ксёндз сказаў,- прычыны ёсць, пашто таіцца.
Ты помніш, Яцак думаў слаць у войска сына,
Пасля ў Літве пакінуў. Што тут за прычына?
Вось ён радзіме тутка больш патрэбным будзе.
Ты ж ведаеш, пра што вакол гавораць людзі,
Пра тое ж гаварыў і я не раз, бывала,
А вось цяпер сказаць усё пара настала!
Тут справы важныя, мой брат: вайна і годзе!
Вайна за Польшчу! Браце! Будзем на свабодзе!
Вайна вось-вось пачнецца! Едучы таёмна
Сюды, фарпосты бачыў я ўжо каля Нёмна.
Напаляон збірае гэтулькі народу,
Што свет не помніць, чалавек не бачыў з роду.
3 французамі ідзе і польскі корпус цэлы:
Дамброўскі, Панятоўскі і арол наш белы!
Яны ўжо блізка. Хай па першаму наказу
Праз Нёман ступяць, і Радзіма ўскрэсне зразу!'
Суддзя уважна слухаў, склаўшы акуляры,
Глядзеў ксяндзу у вочы: ці ж сапраўды мары
Здзяйсняюцца? Ўздыхнуў, сляза ў вачах свяціла...
Пасля схапіў ксяндза за шыю са ўсёй сілы:
'Ах, ксенжа,- ўскрыкваў,- ды ці толькі гэта праўда?
Ах, ксенжа,- паўтараў,- ці толькі гэта праўда?
