Нас столькі зводзілі! А помніш, як казалі:
Напаляон ідзе! І мы тады чакалі.
Казалі: ён у Польшчы, ў Прусах, ля граніцы,
Да нас ідзе! А ён у Тыльжы стаў мірыцца.
Ці толькі гэта праўда? Мо ізноў памылка?'
'Як Бог на небе, праўда!' - мовіў Робак пылка.
'Хай Бог благаславіць вас тым, чаго вам трэба,-
Сказаў Суддзя з паднятымі рукамі ў неба,-
Не скаешся ў пасольстве, божы чалавеча,
Я дам на манастыр твой сотні дзве авечак.
Ты ўчора на каштанку, ксенжа, заглядаўся,
Гняды мой, ведаю, табе быў спадабаўся,
Сягоння запрагаю я ў твой воз абое.
Прасі, што хочаш зараз, я аддам любое,
Ды толькі ведай: з Графам згоды ў нас не будзе,
Аб гэтым не прасі, няхай рашаюць суддзі,
I ўсё тут'.
Ксёндз, упёршыся ў Суддзю вачыма,
Аж рукі заламаў. Паціснуўшы плячыма,
Сказаў: 'Калі Напаляон нясе свабоду
І свет дрыжыць, ты можаш думаць пра нязгоду?
Такіх падзеяў незвычайных ход пазнаўшы,
Няўжо чакаць спакойна будзеш рукі склаўшы,
Калі ўжо дзейнічаць пара?' 'Што на думцы маеш?' -
Спытаў Суддзя. 'Няўжо яшчэ не адчуваеш
Душой сваёю дум маіх? Ах, браце мілы!
Калі ў табе Сапліцаў кроў і досыць сілы,
Глядзі: французы рушаць спераду ў змаганне,
А што, каб ззаду нам узняць тады паўстанне?
Як думаеш? 'Пагоня' хай заржэ, на Жмудзі
Няхай 'Мядзведзь' раўне, і ўміг паўстануць людзі.
Каб з тысячу спачатку ці хоць з палавіну
Сабраць, а там паднялі б мы і ўсю краіну.
І вось, каб мы, здабыўшы тутка перамогу,
Сустрэць выбаўцаў нашых выйшлі на дарогу!
Ідзём, а імператар, здзіўлены не мала,
Пытае: 'Хто там?' Мы крычым: 'Літва паўстала!
Дазволь нам, кесар, з арміяй тваёй злучыцца!'
Спьггае ён: 'Хто камандзір?' 'Суддзя Сапліца!'
Хто смеў бы папракнуць тады нас Таргавіцай?
Браток, пакуль стаяць Панарам, Нёмну плысці,
Датуль Сапліцаў імю з памяці не выйсці!
Унукаў, праўнукаў Ягайлава сталіца
Паказваць будзе пальцам: 'Гляньце, вось Сапліца,
3 Сапліцаў тых, што першыя ўзнялі паўстанне'.
Суддзя на гэта: 'Хто ды што казаць там стане,
Дык гэтым галава мая найменш занята.
Нічым не вінаваты я ва ўчынках брата,
Палітыкай таксама я не забаўляўся,
А толькі абавязкі выканаць стараўся.
Я - шляхціц і ахвотна сцёр бы пляму дому.
