І на'т раманс надрукавалі аб здарэнні,
Дзе прозвішча маё названа і найменні.
Раманс завецца 'Граф, або Пра таямніцы
Бірбанта-рокка замка'. Ці тут ёсць цямніцы?'
'Ёсць,- адказаў Гервазы,- варта падзівіцца.
Было ў іх і віно, ды выпілі Сапліцы'.
'Жакеяў,- Граф сказаў,- таксама ўзброіць можам,
Васалаў клікнем з сёл'. 'Лакеяў? Крый вас, Божа!-
Гервазы ўскрыкнуў.- Вы разважце толькі самі,
Які ж наезд з лакеямі ды з мужыкамі?
Не цяміце ў наездах, бачу, вы нічога.
Вусалаў - рэч другая. Вусачы - падмога!
А мы ў засценках лёгка знойдзем іх, мапанку!
Адно даць знаць у Добрынь, Центычы, Рубанку.
Здаўна там шляхта рыцарская пражывае
І ад вякоў Гарэшкаў роду спачувае,
Яны Сапліцаў ненавідзяць усе чыста,
Адтуль вось і збяру я вусачоў са трыста.
Мая ў тым справа. Вы ж вяртайцеся ў палацы
Паспаць, бо заўтра вас чакае многа працы.
Пара даўно: пяюць другія пеўні, пане.
Я папільную замка, покуль дзень настане.
І ў Добрынь вырушу, як след, з самога ранку'.
На словы гэтыя Граф адступіўся з ганку
І глянуў, адыходзячы, ў дзіру байніцы.
А ўбачыўшы агнёў шмат у двары Сапліцы:
'Ілюмінуйце!- крыкнуў,- заўтра будзе змрочна
Ў вас, а ў замку светла - гэта відавочна!'
Гервазы сеў у кут, да сценкі прытуліўся
І галавою, поўнай дум, уніз хіліўся,
А месяц асвяціў ягоны чэрап лысы.
На ім стары вычэрчваў пальцам знакі, рысы -
Відаць, што распрацоўваў новы план ваенны.
На вочы стаў насоўвацца цяжар каменны,
Дык рушыў галавой, каб цалкам не забыцца,
I, па штодзённай звычцы, спрабаваў маліцца.
Але паміж адной малітвай і другою
Пачалі мары плысці доўгай чарадою:
І Ключнік бачыць зноў паноў з Гарэшкаў роду -
Усе яны са зброяй, з імі шмат народу.
А кожны круціць вус, глядзіць сурова,
Замерваецца шабляй грозна, хоць без слова.
За імі воддаль ціхі цень адзін крануўся
З крывавымі грудзьмі. Гервазы здрыгануўся,
Бо Стольніка пазнаў, пачаў хрысціцца скора,
Гнаць сон цяжкі. А каб вярнуць сабе бадзёрасць.
Маліцца зной пачаў за ўсіх памёршьгх душы.
Зноў склеіліся вочы, зазванілі вушы.
І бачыць гурму шляхты, сонечную зброю:
Наезд! Карэлічы! Вядзе ўсіх Рымша к бою!
