Не ўсе з прысутных рухі тыя зразумелі.
Збялеў Гервазы, засланяе Графа лавай,
Здае к дзвярам. А вокал крык: 'Лавіце! Жвава!'
Як воўк, калі яго над падаллю застануць,
Рванецца ў гурт сабак, убок не ўспеўшы глянуць,
І гоніць іх: вось-вось рване, ды сярод брэху
Пачуе трэск курка - на новую памеху
Вачыма косіць. Бачыць: цалкам недалёка
Стралок прыкленчыў, к стрэльбе прытуліўшы вока,
Кранае спуск і рулю на яго наводзіць.
Воўк туліць хвост і ўміг на ўцёкі пераходзіць,
А псярня з брэхам жудкім клубіцца зноў ззаду,
За кудлы рве. Ён на сабак знайшоў бы раду,
Бо ледзь зірне, пашчэмкай плясне, клык аголіць,
Уся арава рассьшаецца й скуголіць.
Так і Гервазы грознай адступаў паставай,
Вачыма ворага спыняючы і лавай,
Пакуль не ўскочылі абодва ў цьму фрамугі.
'Лаві!' - крычалі, бегучы за імі, слугі.
Аж раптам над галовамі неспадзявана
На хорах Ключнік паявіўся ля аргана
I з трэскам алавяныя пачаў рваць трубы.
I, пэўне, шмат каго прывёў бы да загубы,
Ды госці ўжо таўпіцца пачалі ў парозе.
І слугі не ўстаялі, хутка ўсе ў трывозе,
Ледзь што-мага хапіўшы, следам падаліся
І розных рэчаў, і начыння шмат зракліся.
А хто ж, не чуткі ні на ўдары, ні абразы,
Апошнім адступіў? - Брахальскі Пратазы.
Ён, стоячы ў Суддзі за крэслам непарушна,
Цягнуў асведчанне ўсё тое ж раўнадушна
І, толькі скончыўшы, пляц кінуў апусцелы,
Дзе засталіся грузы і пабітых целы.
Людскіх ахвяраў не было, але ўсе лавы
Амаль без ног былі, а голы стол кульгавы
Злёг на талерак, місак гурт, віном заліты,
Як рыцар на шчыты, з каня ў змаганні збіты.
А ўкруг ляжаць індычак, куранятак цельцы.
А з іх тырчаць нажы і ўбітыя відэльцы.
І хутка ўжо ў старым Гарэшкаўскім будынку
Вяртацца пачало ўсё зноў да супачынку.
Згушчаўся змрок. А рэшткі панскае вячэры
Ляжаць, як ежа для дзядоў, што, згодна веры
Народнай, сходзяцца на заклінанняў словы.
З-пад даху адгукнуліся ўжо тройчы совы,
Як гусляры, нібы ўсход месяца віталі,
Якога водбліск пранікаў з надхмарнай далі
З дрыжаннем светльм. І сярод начное цішы
Праз дзіры пацукі павылезлі і мышы,
Грызуць і п'юць. І толькі часам стукне глуха
