ненавiсным быў для мяне казёл, бо з'еў маю сарочку, калi я купаўся.
Але Ява мяне не падтрымаў.
- Не, - сказаў ён. - Казёл залiшне балбатлiвы. Увесь час мекекеча. Мы i воплескаў не пачуем. Мы ж гаворым пра бой быкоў, а не казлоў. Трэба, каб было нешта бычынае, каровiнае нешта - вялiкае i крутарогае.
- Каровiнае? - кажу. - Слухай, дык, можа, узяць проста карову? Бо, акрамя Пецькi, сапраўдных быкоў у нас няма, а кароў колькi хочаш. I наогул, нiдзе не гаворана, што абавязкова патрэбны бык.
Ява задумаўся.
- Хто яго ведае, можа, i так.
- Тады, - кажу, - лепшай кандыдатуры за вашу Кантрыбуцыю i не прыдумаеш.
- А чаму Кантрыбуцыя? Чаму не ваша Манька?
- Таму, што ў нашай Манькi цялё i адзiн рог зламаны. Ты хочаш, каб з нас смяялiся? Тарэадоры з аднарогай кароваю! Карыкатура. Такога яшчэ нiколi ў свеце не было.
- Можна, вядома, i Кантрыбуцыю. Але яна трохi псiхiчная.
- Што значыць 'псiхiчная'? Прызнайся лепей, што ты проста мамы баiшся.
- Я - баюся? Вось зараз як дам табе ў вуха, то пабачыш, як баюся. Ану, забяры свае словы назад!
- Я забiраю, але ты ўсё роўна баiшся.
- Баюся?
- Баiшся...
- Баюся?
- Баiшся...
Я ўхапiў яго за вуха i ў той жа момант цюкнуў кулаком у жывот. Мы пакацiлiся па траве на дарогу. Усё бруднае, што валялася на дарозе, начаплялася да нашых штаноў i сарочак.
Першы апамятаўся я.
- Пачакай, - кажу, - годзе! А то замест бою быкоў у нас выйшаў бой цельпукоў.
- Гэта ты вiнаваты. Ну, добра, няхай Кантрыбуцыя. Заўтра пагонiм пасвiць i паспрабуем. А то твая Манька i сапраўды для тэлевiзара не падыходзiць. Яшчэ людзi падумаюць, што гэта не карова, а сабака.
Мне ўжо надакучыла бiцца, i я зрабiў выгляд, нiбы не зразумеў, як страшна ён абразiў нашу Маньку.
Назаўтра ранiцай мы сустрэлiся па дарозе на выган. Я гнаў Маньку, Ява Кантрыбуцыю. Каровы валаклiся, легкадумна матляючы хвастамi, i не падазравалi, якi сёння гiстарычны дзень.
На галаве ў Явы быў дамскi капялюшык, што застаўся нам у спадчыну ад нейкай дачнiцы, якая адпачывала ў нас пазалетась. Капялюшык быў завялiкiм для Явы i насоўваўся на вочы. Каб хоць што- небудзь бачыць i не ўпасцi, Ява вымушаны быў увесь час падкiдаць галавой, папраўляючы яго. Здавалася, што Ява некаму кланяецца.
У мяне пад пахай быў кiлiмок. О, гэта быў знакамiты кiлiмок. Ён вiсеў над маiм ложкам. Кiлiмок быў чырвоны, i на iм было вышыта трое смешных шчанючкоў, якiя сядзелi, прытулiўшыся адзiн да аднаго галовамi. Гэта былi Цюця, Гава i Рэва, пра якiх мне калiсьцi мацi расказвала розныя байкi, аж пакуль я не засынаў. Апошнiя два гады, калi я падрос ужо, кiлiмок ляжаў у скрынi, i цяпер ад Цюцi, Гавы i Рэвы дужа патыхала нафталiнам.
Кiлiмок i капялюшык - гэта быў наш тарэадорскi рэманент. Па дарозе мы яшчэ выразалi з ляшчыны дзве цудоўныя шпагi. Былi ў поўнай баявой гатоўнасцi.
Мы iшлi i спявалi арыю Хазэ з оперы Бiзэ 'Кармэн', якую шмат разоў чулi па радыё:
Торе-гадор, смеле-ге-е в бой,
торе-гадор, торе-гадор...
Там ждет тебя-га любовь,
там ждет тебя-га-га любовь.
Мы спявалi i не ведалi, што нас чакае. Неба было сiняе-сiняе - сапраўднае iспанскае неба.
Надвор'е - самае адпаведнае для бою быкоў.
Мы пагналi кароў аж на самы край выгану, туды, дзе ставок - падалей ад людскога вока.
- Адганi сваю Маньку ўбок, каб не перашкаджала, - сказаў Ява, - i давай пачынаць.
Я не стаў пярэчыць. Тым больш што Манька ў нас дужа нервовая, ёй лепш не бачыць бою быкоў.
Ява паправiў на галаве капялюшык, падцягнуў нагавiцы i, падтанцоўваючы, стаў наблiжацца да Кантрыбуцыi. Падышоў да саменькай морды i пачаў махаць кiлiмком перад вачамi. Я затаiў дыханне - зараз пачнецца...
Ява замахаў кiлiмком яшчэ мацней.
Кантрыбуцыя - анiгадкi!
Спакайнюсенька шчыпле сабе траву.
Ява мазнуў яе кiлiмком па храпе. Кантрыбуцыя толькi адвярнулася.
Ява разнервавана пiскнуў i з усiх сiл хлёснуў карову кiлiмком. Кантрыбуцыя, лянiва пераступаючы нагамi, павярнулася да Явы хвастом.
Ява зноў забег наперад i пачаў вытанцоўваць...
Праз паўгадзiны ён сказаў.
- Яна да мяне проста прывыкла, яна мяне любiць i таму не хоча... Ану, давай ты!
Праз гадзiну, захекаўшыся, я сказаў:
- Палена нейкае, а не карова. Шкада, што ў Манькi адбiты рог, а то я паказаў бы, што такое сапраўдная тарэадорская карова.
Ява зноў замянiў мяне. Ён штораз мяняў тактыку: то падыходзiў да каровы пацiхеньку i неспадзеўкi бiў кiлiмком, то падскокваў з разгону, то налятаў збоку. Кантрыбуцыя не прымала бою. Чубы ў нас узмакрэлi, кiлiмок адчайна матляўся ў руках - здавалася, што Цюця, Гава i Рэва вось-вось загаўкаюць.
А Кантрыбуцыя - хоць бы што, не звяртала на нас анiякенькай увагi.
Адзiн раз, калi Ява схапiў Кантрыбуцыю за вуха, яна з дакорам глянула на яго сваiмi сумнымi вачамi i сказала:
- Му-у!
У перакладзе з каровiнага гэта, мабыць, азначала: 'Iдзiце, хлопцы, адсюль. Не чапайце мяне'.
Але мы ўчасна не зразумелi папярэджання.
Хэкаючы, мы скакалi навокал яе, выклiкаючы на двайны бой. Ява саромеўся за сваю Кантрыбуцыю - я гэта бачыў. Нарэшце, раззлаваны дарэшты, Ява крыкнуў:
- Ану, удар яе, Паўлуша, добра! Што - баiшся?.. Ну, дык я сам!
Ён размахнуўся i ткнуў Кантрыбуцыю нагою па губе.
I раптам... Раптам я ўбачыў Яву дзесьцi высока ў небе. I адтуль, з неба, пачуў яго адчайны лямант:
- Вва-вай!
Ён пачаў бегчы, па-мойму, яшчэ ў небе. Бо калi яго ногi дакранулiся да зямлi, то ён ужо штосiлы iмчаў да стаўка. Я рвануўся за iм. Гэта быў наш адзiны паратунак. Мы з разгону ўляцелi ў ставок, уздымаючы цэлыя гейзеры вады i гразюкi. Спынiлiся ажно на сярэдзiне. Тое, куды мы ўляцелi, па праўдзе кажучы, стаўком можна было назваць толькi ўмоўна. Калiсьцi сапраўды тут быў вялiзны ставок-копанка. Але ён даўно ўжо перасох, абмялеў i ператварыўся ў звычайную сажалку. На самым глыбокiм месцы нам было па шыю. Менавiта тут мы зараз i стаялi, адсопваючыся.
Кантрыбуцыя бегала вакол канавы i мукала ў наш адрас свае каровiныя праклёны. У сажалку лезцi яна не хацела. Гэта была гiдлiвая, акуратная карова.
Мы стаялi i маўчалi.
Дно сажалкi было гразкае, мулкае. Мы па саменькi пуп стаялi ў слiзкай тванi.
А вышэй, да самай шыi, была вада - каламутная i смярдзючая. Сапраўдныя памыi. Доўга мы тады прастаялi з Явам у тых памыях. Паўгадзiны, не меней. Аж пакуль Кантрыбуцыя не супакоiлася i не адышлася. Яна была яшчэ вельмi гуманная i высакародная, карова гэтая - Кантрыбуцыя. Бо яна падкiнула тарэадора Яву не рагамi, проста мордай. I калi мы нарэшце вылезлi з сажалкi, няшчасныя i завэдзганыя, як парсюкi (не мы, а сам бруд), яна i словам не напомнiла нам пра нашы нядаўнiя адносiны. Мы засталiся сябрамi. Ява пасля ўсяго не толькi нiколi больш не бiў яе, але заўсёды частаваў цукеркамi, якiя давала яму