Праз хвiлiну кусты над намi расхiнулiся, i мы ўбачылi расчырванелую бабу Марусю.

- Ага! - пераможна ўсклiкнула яна. - Вось хто гэта ўсё натварыў!

З-за галавы бабы Марусi з'явiлася галава Галiны Сiдараўны.

Галiна Сiдараўна гаворыць металiчным голасам, нiбы секачом адсякае:

- Так!.. Зразумела!.. На экскурсiю ў Кiеў заўтра яны не паедуць!

РАЗДЗЕЛ III

Прыгоды ў Кiеве. Нашы падазрэннi ўсё мацнеюць. Старшына Палянiчка

Каля школы крыкi i мiтусня. У двары стаiць грузавая аўтамашына, упрыгожаная кветкамi i сасновымi галiнамi.

На машыне каля кабiны ўжо сядзяць у гурце самыя нецярплiвыя вучнi. Над iмi, як гароднае пугала, узвышаецца даўгалыгi, нязграбны Бурмiла. Расстаўляюць апошнiя ўслончыкi, крэслы. Школьнiкi ланцужком выстраiлiся ад школьнага ганка да машыны i перадаюць адзiн аднаму крэслы, якiя выносiць на ганак Галiна Сiдараўна. Усе ўзбуджаныя i вясёлыя. Яшчэ б - гэтую экскурсiю ў Кiеў так доўга чакалi. Усе смяюцца, нават без дай прычыны. Усе, акрамя нас: мяне i Явы. Мы стаiм каля ганка насупленыя. I як толькi ў дзвярах паказваецца Галiна Сiдараўна з новым крэслам, мы адразу ж адкрываем раты i пачынаем:

- Мы ж не хацелi... Мы ненаўмысна, - гундосiць Ява.

- Мы больш не будзем... - гундошу я. Галiна Сiдараўна спачатку не звяртае ўвагi, нiбыта не чуе, моўчкi знiкае ў дзвярах. Потым нарэшце гаворыць:

- Было б нават непедагагiчна, каб я вас узяла.

I мы адчуваем - яна ўжо шкадуе нас, яна ж добрая. Трэба каваць, пакуль гарачае.

- Педагагiчна, - усклiкнуў я. - Мы ж сказалi, што больш не будзем.

- Ну так, педагагiчна! - падхапiў Ява. - Нават вельмi педагагiчна. Макаранка абавязкова ўзяў бы. Точна!

Галiна Сiдараўна адразу хмурыць бровы i холадна гаворыць:

- Не.

I мы разумеем: цяпер ужо ўсё. Перабаршчылi. Настаўнiкi не любяць, каб iх вучылi.

Я з трывогай пазiраю на Бурмiлу i на Кныша, якi пахаджвае каля машыны i раз-пораз лупiць ботам па шыне.

'Няўжо мы застанемся i так i не даведаемся, што яны будуць рабiць у Кiеве?' - думаю я.

I ў галаве маёй зноў узнiкаюць загадкавыя таямнiчыя словы:

'Затое падаруначак будзеш мець ад немцаў... Вермахт шчодры... Дваццаць жалезных... Якасць бранябойная... Раз - i няма!.. Толькi ж нiкому нi-нi'.

Раптам Ява тузануў мяне за рукаў: 'Гайда! Хутчэй!' - i кiнуўся да машыны. Я - за iм. Трэба паспець схавацца пад крэсламi, пакуль Галiна Сiдараўна ў памяшканнi.

Вядома, усе бачаць гэта i могуць выдаць нас, калi сумленне дазволiць.

Шух! Бы яшчаркi, шмыгнулi мы пад крэслы каля самай кабiны i прытаiлiся.

Праз нейкi час пачулi голас Галiны Сiдараўны:

- Што, пайшлi? Ну вось i добра, што зразумелi нарэшце. Гэта будзе навукай для ўсiх, хто ахвотнiк зрываць урокi i парушаць дысцыплiну. Ну, паехалi.

Вучнi з крыкамi пачалi рассаджвацца. I неўзабаве матор завёўся, машына рушыла. Нiхто нас не выдаў. Ёсць усё-такi ў людзей сумленне.

Калi вы хочаце адчуць, як адразу ўсё цела, з ног да галавы, рэагуе на ўдары, то паспрабуйце паехаць па выбоiстай дарозе на аўтамашыне, лежачы ў кузаве пад крэсламi. Параўнаць гэта нельга нi з чым. Такое адчувае, магчыма, вось той 'язычок' у школьным званку, калi баба Маруся калоцiць iм на перапынак цi на ўрок.

'Раз - i няма!.. Якасць бранябойная... Вермахт шчодры!' - бiлася ў маёй галаве ў такт ударам.

Патылiцай аб сядзенне - iлбом аб кузаў...

Патылiцай аб сядзенне - iлбом аб кузаў...

'Раз - i няма!..

Якасць бранябойная!..

Вермахт шчодры!..'

I ўсё ж чым больш нас малацiла, чым больш шпурляла ўверх-унiз ды з боку ў бок, тым лягчэй рабiлася ў нас на душы - бо ўсё далей ад'язджалi мы ад вёскi.

А гэта значыць, тым меней шанцаў, што нас выкрыюць i высадзяць з машыны. Мы толькi сцiскалi зубы, каб не войкаць. Нарэшце калатнеча супакоiлася i матор весела загурчаў, набiраючы хуткасць, - мы выехалi на асфальтаваную шасейку (гэта ўжо тры кiламетры ад вёскi). I адразу, нiбыта завялася ад старцёра, зазвiнела песня.

Яшчэ б! Ну дзе вы бачылi, каб людзi ехалi на машыне i не спявалi? Так не бывае. Калi дарога з шоргатам намотваецца на колы i сустрэчныя машыны толькi мiма - гух! гух! гух! - песня сама вырываецца з грудзей.

В хору вылучаўся звонкi салаўiны голас Галiны Сiдараўны.

Хiба вытрымаеш, калi ўсе спяваюць? I мы з Явам ('А, усё роўна не пачуюць у такiм хоры!') зацягнулi на ўсё горла.

Эх, хораша! Калi спяваеш разам з хорам, дык здаецца, што гэта дзякуючы табе так прыгожа i зладжана атрымлiваецца.

I раптам... Мы так захапiлiся, што нават не заўважылi таго моманту, калi ўсе перасталi спяваць. Як высветлiлася потым, у той час машына праязджала пад вярбою, што звесiла над дарогай сваё вецце. Усе ў кузаве прыгнулiся, i песня на момант абарвалася. А мы ж былi пад крэсламi i не ведалi пра гэта... Мы цягнулi песню далей, як двое ягнят.

I сярдзiтае настаўнiцкае: 'Ану, вылазьце!' - прагучала для нас, як гром сярод яснага неба.

Пакамечаныя i пацёртыя, мы вылезлi з-пад крэслаў.

- Эх вы! - з пагардаю зiрнула на нас Галiна Сiдараўна. - Я думала, вы прыстойныя хлопцы. А вы 'зайцамi', таемна, падмануўшы мяне... Як... як шпiёны нейкiя. Фу!

Я заўважыў, як дрогнуў, ажно падскочыў Ява. Дый у мяне ўнутры ўсё перавярнулася. Нас! Нас назваць шпiёнамi! Нас, якiя... Эх!

- Так нядобра, вучнi. Падманваць нядобра, - сказаў Бурмiла.

'Падаруначак ад немцаў... Якасць бранябойная!..'

Мы з Явам так зiрнулi на яго, што калi б можна было паглядам спалiць чалавека, дык ад Бурмiлы засталася б толькi жменька попелу.

- Вас трэба было б неадкладна адвезцi дахаты альбо высадзiць тут жа, на полi, - сказала Галiна Сiдараўна. - Я не зраблю гэта толькi таму, што мы ўжо праехалi трыццаць кiламетраў i не маем права затрымлiвацца. Вы паедзеце з намi. Але ведайце - увесь калектыў асуджае вашы паводзiны.

Мы паднялi вочы - калектыў пазiраў на нас весела i ўсмешлiва. У калектыву быў добры настрой.

Калектыў хацеў спяваць.

Апусцiўшы галаву, мы сказалi:

- Мы больш не будзем.

Калектыў пасунуўся, i мы селi. I адразу ж, як па камандзе, у неба паляцела песня.

Мы з Явам iмкнулiся перакрычаць усiх - так старалiся.

Доўга мы ехалi - усе песнi, якiя ведалi, праспявалi па некалькi разоў. Тройчы спынялiся паесцi.

I вось нарэшце даўжэзны мост цераз шырачэнны Дняпро. А па той бок - высокi бераг i званiца выблiсквае залатой шапкай на кручы, а каля яе яшчэ залатыя шапкi скупiлiся - лаўра, а за ёй тырчыць высачэзная тэлевiзiйная вышка i грувасцяцца, налазячы адзiн на аднаго, будынкi - вялiкiя, шматпавярховыя... Кiеў! Прыехалi.

Прыгожы горад Кiеў! Прыгажэйшы за ўсе гарады, якiя я бачыў.

Сталiца!

- Значыць, так, - кажа Галiна Сiдараўна. - Машыну мы пакiдаем каля Палаца пiянераў i адразу на метро. Згода?

- Урра-а-а! - закрычалi ўсе. Усю апошнюю чвэрць у нашым пятым 'Б' толькi й было гаворкi, што пра метро. Чамусьцi з усiх кiеўскiх цудаў нас найбольш цiкавiла метро.

Вось i цяпер усе ўзрушана загаманiлi.

Усе, акрамя нас з Явам. Мы заклапочана пераглядвалiся. Нам жа абавязкова патрэбна было прасачыць,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату