каб пацiху вывезцi, дваццаць жалезных скрынак. Гэта быў архiў гестапа, якi фашысты затапiлi, адступаючы. Вельмi важныя дакументы... спiсы ваенных злачынцаў. I ў Аўстрыi тая ж пятрушка была, таксама ў возеры i таксама шпiёны з аквалангамi.

- Точна! Яно самае! Ух ты-ы! - загарэўся Ява. - Ну так, 'дваццаць жалезных', i 'вермахт', i аквалангi...

Ён не дагаварыў, бо ў гэты момант з рэпрадуктара гучна, на ўсю станцыю, пачулася:

- Вучнi з вёскi Васюкоўка, якiя прыехалi на экскурсiю ў Кiеў, Рэнь i Заўгародны, вас чакаюць на выхадзе са станцыi 'Дняпро'!

Нiбыта хтосьцi зверху нас аглушыў, ажно ногi падкасiлiся. Так гэта было для нас неспадзявана. Нам здалося, што ўсе гэтыя людзi, якiя па станцыi i ўнiзе швэндаюцца, усе яны разам на нас паглядзелi.

I мы адразу ж зрабiлiся маленькiмi-маленькiмi i нiбыта голымi. Упершыню ў жыццi нашыя прозвiшчы называлi па радыё.

- Не бойся, - апамятаўся нарэшце Ява. - Гэта, напэўна, Галiна Сiдараўна. Шукае нас. Гайда!

Мы патупацелi да выхаду.

Зiрк-зiрк. Нi Галiны Сiдараўны, нi нашых - нi слыху нi дыху. А стаiць вялiзны вусаты мiлiцыянер. Убачыў нас i адразу:

- Стоп! - падняў руку. - З Васюкоўкi? Рэнь i Заўгародны? Вы мне i патрэбны. Пайшлi.

Вось табе i 'не бойся'! Папалiся! За нашы хулiганскiя паводзiны ў 'Дынама', за тыя вудзiльны праклятыя.

Мае ногi прыкiпелi да зямлi i зрабiлiся ватнiмi - вось-вось на падлогу сяду.

- Ну, пайшлi, чаго ж вы, - азiрнуўся мiлiцыянер. - На руках вас несцi, цi што?

Ледзь з месца крануўся.

Выйшлi мы з метро, глядзiм - стаiць сiняя машына з чырвонай стужкай на баку, а на той стужцы напiсана: 'Мiлiцыя'. I вядзе нас мiлiцыянер да машыны. Адчынiў дзверцы, сказаў: 'Сядайце', а сам - каля шафёра. Зняў трубку (радыётэлефон) i гаворыць:

- Таварыш лейтэнант! Дакладвае старшына Палянiчка. Хлопцаў знайшоў. Вязу на аператыўнай машыне куды трэба.

Мы так i аслупянелi. Ну ўсё! 'Куды трэба'. У турму, значыць, вязе. Прапалi мы.

Нам бы якраз плакаць, гаварыць: 'Мы болей не будзем, адпусцiце', а мы нi слова, нi гу-гу! Гордыя мы!

Тулiмся адзiн да аднаго, едзем i праз акенца на Кiеў апошнi раз паглядаем.

Запунсавеў Кiеў сцягамi i святочнымi транспарантамi. Першамай жа заўтра. Усюды людзi вясёлыя, усмешлiвыя, вольныя. А мы... у турму едзем. А сапраўдныя шпiёны на волi ходзяць. I нам зрабiлася так прыкра - хоць ты плач.

- Эх вы! - не вытрымаў Ява. - Не тых узялi, каго трэба!

- Як гэта? - павярнуўся старшына.

- Вось вам i 'як гэта', - закапылiў губы Ява. - Можа, мы за сапраўднымi шпiёнамi сачылi...

- Ну?! - левае брыво старшыны выгнулася, як запытальнiк.

- Вось вам i 'ну'. Можа, яны толькi што аквалангi купiлi... для падводнага плавання...

- Ого!

- Вось вам i 'ого'! Можа, яны гестапаўскi архiў з дна будуць падымаць.

- Зразумела! 'Аквалангi на дне'. Глядзеў. А хто яны, вашы шпiёны? Адкуль узялiся? З-за акiяна?

- З нашай вёскi.

- Ага, мясцовыя, значыць. Калгаснiкi. Як прозвiшчы?

Ява разгублена зiрнуў на мяне. Ён ужо шкадаваў, што пачаў гэтую размову. Мiлiцыянер гаварыў пасмiхаючыся, вiдаць, нi слову не паверыў.

- Як жа прозвiшчы вашых шпiёнаў? Га? - усмiхаючыся, паўтарыў старшына. - А можа, гэта сам старшыня калгаса? Або дырэктар школы? Або калгасны вартаўнiк, якi яблыкi не дае латашыць? Га? Чаго маўчыце?

Раптам машына спынiлася.

- Ну, прыехалi. Вылазьце, шэрлакi холмсы, - сказаў старшына Палянiчка.

Вылезлi мы. Турму вачамi шукаем. Нешта не вiдаць. Направа царква, а прама - вялiкi шэры будынак з калонамi, на тэатр падобны. Няўжо ў Кiеве такая турма?

Толькi мы падумалi пра гэта, а мiлiцыянер i кажа:

- Гэта, хлопцы, гiстарычны музей, дзе ваш клас з настаўнiцай. Iдзём пашукаем iх. А то яны, пэўна, хвалююцца, думаюць, што вы назаўсёды згубiлiся.

'Дык вось яно што, - радасна забiлiся нашы сэрцы. - Дык вы, значыцца, не ў турму нас, таварыш Палянiчка. А ў музей, да Галiны Сiдараўны. Ох! Якi ж вы малайчына, якi ж вы добры чалавек!'

- I не хвалюйцеся, хлопцы! - супакоiў нас добры чалавек. - Я вашай настаўнiцы скажу, што вы сачылi за шпiёнамi. Яна не будзе сварыцца. Гэта ж справа сур'ёзная! Дзяржаўная!

- Не трэ...

- Не ка... - адначасова ўсклiкнулi мы. А што, як... На ўсю вёску засмяюць! Навошта Ява сказаў!

- Ён па... пажартаваў, - зiркнуўшы на Яву, паспешлiва сказаў я.

- Умгу! - насупiўшыся, пацвердзiў Ява.

- Мы проста хацелi... хацелi... - я нiяк не мог прыдумаць, што ж мы хацелi.

- У Дняпры пакупацца, - падхапiў Ява. - Таму i змылiся. Бо Галiна Сiдараўна не дазваляе. А ў нас жа Дняпра няма. А Дняпро ж, ведаеце...

- Ведаю, - усмiхнуўся старшына. - Ну добра. Бачу, вы хлопцы спрытныя, вынаходлiвыя... Сам калiсьцi быў такi. Толькi падманваць не трэба. Пайшлi.

Паднялiся мы па прыступках на плошчу перад музеем. На зямлi нешта з камення выкладзена - нiбы велiчэзныя 'класы'.

- Гэта, - кажа старшына, - самае старажытнае месца ў Кiеве. Тут тысячу гадоў назад Дзесяцiнная царква стаяла. Гэта яе падмурак.

На пальчыках прайшлi мы па гэтым падмурку. А за падмуркам - вялiкая трохкутная палянка, роўненька абсаджаная кустамi, i пасярод яе - мы нават вачам веры не далi - вялiзная капiца сена. У цэнтры Кiева на самым старажытным месцы - капiца сена, як на лузе. Вось здорава! I тая капiца нам такая любая, нiбыта прывiтанне з роднай Васюкоўкi.

Глядзiм, а за капiцай, каля самага ўвахода ў музей, гарматы стаяць, пяць гармат.

- Гэта што? - адважыўшыся, запытаў я.

- Гэта, брат, артылерыя, якая была ў нас на ўзбраеннi ў сорак трэцiм, калi Кiеў ад фашыстаў вызвалялi, - паяснiў мiлiцыянер.

- А вы гэта... вы таксама вызвалялi? - запытаў i знiякавеў Ява, што так нясцiпла запытаў.

- Вызваляў, хлопцы. Што было, тое было, - проста адказаў старшына. - Нават паранiла мяне тут, у Кiеве. У шпiталi тут ляжаў. Кiеў для мяне кроўны, родны горад.

Мы неяк зусiм па-новаму глянулi на яго. Вунь ён, значыць, якi - старшына Палянiчка. Хацелi яшчэ пра што-небудзь запытацца, але старшына ўжо вёў нас у музей.

Трэба было шукаць сваiх. Гэта было нялёгка. Ведаеце, колькi там пакояў!

Першы паверх (старажытны час) нам не вельмi спадабаўся. Там не было нiчога цэлага - усё кавалкi нейкiя, абломкi, чарапкi пабiтыя. I самае пачэснае месца займае спарахнелы човен. Вось гэта каштоўнасць! Я вам такога на нашай рэчцы колькi хочаце знайду.

Але другi паверх... Вось гэта сапраўды! У нас ажно вочы разбеглiся. Вунь воз чумацкi сапраўдны. На такiх вазах нашы продкi калiсьцi ў Крым па соль ездзiлi. А вось карэта залатая, у якой мiтрапалiтаў кiеўскiх вазiлi. Нiшто сабе карэта. Ой, глянь, зброя казацкая, самая сапраўдная. Ого-го шабля! Дай такую ў рукi старшыне Палянiчку, ён толькi - рраз! Мы ўявiлi нашага мiлiцыянера ў казацкiх шараварах, з шабляю ў руцэ. Нiшто! Няблага атрымлiваецца. А вунь ружжо, стрэльба. Ох i доўгая! А пiстоль якi!

Трэцi паверх. Вялiкая Айчынная вайна. Вызваленне Ўкраiны ад фашысцкiх захопнiкаў. Тут ад кожнага стэнда павявае подзвiгам, геройскай славай. Вось трафеi - поўная скрыня гiтлераўскiх ордэнаў, хоць лапатай грабi. А вунь асабiстыя рэчы разведчыка Кузняцова, якi дзейнiчаў у тыле ворага i выкраў нямецкага генерала. Ой, не спяшайцеся, дайце паглядзець. Гэта ж нам зараз так патрэбна, так патрэбна. Мы ж цяпер

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату