- Людзей бачыў, - сказаў я, - а вось пiўных бочак на шпацыры - не.

Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў i надзiмаўся.

- Ведаеце што? - зашыпеў ён. - Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабiць на вулiцы.

Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.

- Кацiся сваёй сцежкай, псiхiчны неданосак, - сказаў я i ўзняў руку для благаславення.

Ён не звярнуў увагi на маю прапанову.

- Каб табе мазгi залiлi бетонам, засохлая малпа! - брахаў ён.

Я адказаў яму 'плоскаступнёвым вылюдкам'. Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважлiва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымi могiлкамi бiфштэксаў. Яго твар раптам праяснiўся.

- Могiлкi бiфштэксаў - гэта добра, - сказаў ён. - Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! - Ён прыўзняў капялюш, i мы з узаемнай павагай разышлiся.

Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калi я стаў цверазець, яна нават узмацнiлася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручнiком. Але паступова злосць пераходзiла i на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напiўся. Я наставiў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякiм разе адразу зразумела, з кiм мае справу. А як па мне - няхай усё iдзе да д'ябла: што было, тое было. Нiчога не зменiш. Магчыма, нават i лепш.

Я вярнуўся ў бар i набраўся да чорцiкаў...

IV

Надвор'е стала цёплае i вiльготнае, некалькi дзён запар iшоў дождж. Потым праяснiлася, пачало прыпякаць сонца, i калi я ў пятнiцу ранiцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацiльду Штос, якая стаяла з венiкам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзiла.

- Ну, паглядзiце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!

Я спынiўся як зачараваны. Старая слiўка каля заправачнай калонкi за ноч расцвiла.

Яна ўсю зiму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалi на яе старыя пакрышкi i надзявалi на голле слоiкi з- пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё - ад анучы да капота. Яшчэ некалькi дзён назад на ёй матлялiся вымытыя сiнiя камбiнезоны. Учора яшчэ на ёй нiчога не было бачна - i вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мiгатлiвае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.

- А пах, - летуценна прамовiла Мацiльда i закацiла вочы, - цудоўны, зусiм як той ром.

Я не адчуваў нiякага паху. Але адразу ж здагадаўся.

- Больш пахне каньяком для клiентаў, - запэўнiў я.

Яна энергiчна запратэставала.

- Пан Локамп, вы, мусiць, прастудзiлiся. Магчыма, у вас у носе палiпы. Сёння палiпы амаль у кожнага. Не, у старой Штос нос як у ганчака, паверце мне, гэта ром... вытрыманы ром...

- Ну добра, Мацiльда.

Я налiў ёй чарку рому i пайшоў да калонкi. Юп ужо сядзеў там. У ржавай бляшанцы з-пад кансерваў перад iм стаяла некалькi галiнак.

- Што гэта такое? - спытаў я здзiўлена.

- Для дам, - растлумачыў Юп. - Калi яны прыязджаюць на запраўку, то атрымлiваюць бясплатна кветку. Дзякуючы гэтаму я прадаў ужо на дзевяноста лiтраў больш. Залатое дрэва, пан Локамп. Каб яго не было, трэба было б зрабiць штучнае.

- Ты дзелавы хлопец.

Ён усмiхнуўся. Сонца прасвечвала яго вушы, i яны былi падобныя да рубiнавых царкоўных акон.

- Мяне ўжо два разы фатаграфавалi, - паведамiў ён. - На фоне дрэва.

- Глядзi, ты яшчэ станеш кiназоркай, - сказаў я i пайшоў да ямы, дзе Ленц ужо корпаўся пад 'фордам'.

- Робi, - сказаў ён, - у мяне iдэя. Нам трэба было б падумаць пра дзяўчыну Бiндзiнга.

Я ўтаропiўся на яго.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Менавiта тое, што сказаў. Але чаго ты так утаропiўся?

- Я не ўтаропiўся.

- Нават набычыўся. Мiж iншым - а як завуць дзяўчыну. Пат... а далей?

- Не ведаю, - адгукнуўся я.

Ён выпрастаўся.

- Ты не ведаеш? Ты ж запiсваў яе адрас! Я сам бачыў.

- Згубiў паперку.

- Згубiў! - Ён дзвюма рукамi схапiўся за сваю жоўтую чупрыну. - I дзеля гэтага я трымаў Бiндзiнга цэлую гадзiну ў садзе? Згубiў! Дык, можа, Ота ведае?

- Ота таксама не ведае.

Ён зiрнуў на мяне.

- Варты жалю дылетант! Тым горш! Цi ты не ведаеш, якая казачная дзяўчына гэта была? Божа! - Ён узняў вочы небу. - Толькi раз сустрэнецца нешта людскае, а гэты жалобны пень губляе адрас.

- Я не ўбачыў у ёй нiчога асаблiвага.

- Таму што - асёл, - адпарыраваў Ленц. - Дурань, якi нiчога не бачыў, што ўзвышалася б над узроўнем прастытутак з кавярнi 'Iнтэрнацыяналь'. Ты - тапёр! Я яшчэ раз паўтараю: нам пашэнцiла, вельмi пашэнцiла з гэтай дзяўчынай! Проста ты нiчога не разумееш! Ты бачыў яе вочы! Вядома ж, не. Ты бачыў толькi сваю шклянку...

- Заткнiся, - перабiў я яго, бо, гаворачы пра шклянку, ён закрануў маю больку.

- А рукi, - гаварыў ён, не звяртаючы ўвагi на мяне. - Тонкiя, доўгiя рукi, як у мулаткi, у гэтым Готфрыд знае толк, можаш мне паверыць! Святы Майсей! Нарэшце з'явiлася сапраўдная дзяўчына - прыгожая, натуральная i, што найважней, з атмасферай... - Ён прымоўк. - Ты ўвогуле ведаеш, што гэта такое атмасфера?

- Паветра, што запампоўваецца ў кiхi, - прабурчаў я.

- Вядома, - сказаў ён з жалем i пагардай. - Паветра, канечне. Атмасфера, аўра, выпраменьванне, цеплыня, таямнiчасць - тое, што адушаўляе i ажыўляе прыгажосць. Але што я кажу... твая атмасфера - водар рому...

- Перастань, а то ляпну чым-небудзь па кумпале.

Але Готфрыд гаварыў i гаварыў, i я нiчога не зрабiў яму. Ён жа не снiў не ведаў пра тое, што адбылося, i кожнае ягонае слова балюча ранiла мяне. Асаблiва - пра выпiўку. Я ўжо амаль забыў усё i сумеў суцешыць сябе. А ён цяпер зноў раскалупаў. Ён бясконца хвалiў дзяўчыну, i мне хутка ўявiлася, што я i праўда страцiў нешта незвычайнае i незваротнае.

Расстроены, я ўвечары пайшоў у кавярню 'Iнтэрнацыяналь'. Тут было маё прыстанiшча. I Ленц пацвердзiў гэта. Калi я ўвайшоў, тут, на маё здзiўленне, было поўна. На стойцы былi выстаўлены тарты i пiрожныя, а пласкаступы Алоiс бег з падносам, якi звiнеў кафейным посудам, у заднi пакой. Я спынiўся. Кава, у збаночках? Тут, мусiць, нейкая кампанiя цалкам валяецца п'яная пад сталамi.

Але гаспадар растлумачыў мне. Сёння ў заднiм пакоi развiтальны вечар сяброўкi Розы - Лiлi. Я стукнуў сябе па лбе. Вядома ж, мяне запрашалi! Нават як адзiнага мужчыну - так са значэннем падкрэслiла Роза... Бо пiдэр Кiкi, якi таксама прысутнiчаў, не лiчыўся за мужчыну. Я хуценька выйшаў, купiў букет, ананас, бразготку i плiтку шакаладу. Роза сустрэла мяне з усмешкай велiкасвецкай дамы. На ёй была чорная сукенка з глыбокiм выразам, а сама яна сядзела на ганаровым месцы за сталом. Яе залатыя зубы блiшчалi. Я пацiкавiўся, як пажывае яе дзiцятка, i перадаў дзяўчынцы цацку i шакалад. Роза цвiла. Кветкi i ананас я ўручыў Лiлi.

- Самыя сардэчныя пажаданнi!

- Ён, як заўжды, сапраўдны кавалер! - сказала Роза. - Хадзем, Робi, сядай памiж намi.

Лiлi была лепшая сяброўка Розы. Яна зрабiла блiскучую кар'еру. Яна дамаглася таго, пра што дарэмна палка марыць кожная простая прастытутка: яна працавала пакаёўкай у гатэлi. Пакаёўка з гатэля не выходзiць на вулiцу на паляванне - яна жыве ў гатэлi i там заводзiць знаёмствы. Большасцi прастытутак гэта

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату