недасягальна - у iх не хапае гардэробу ды i грошай, каб дазволiць сабе выбiраць кавалера. Лiлi, праўда, жыла ў правiнцыйных гатэлях. I ўсё ж за гэтыя гады яна сабрала каля чатырох тысяч марак. Цяпер яна думала выйсцi замуж. У яе жанiха была крама газаабсталявання i радыёапаратуры. Ён усё ведаў пра яе, але адносiўся да гэтага спакойна. За будучыню ён мог не турбавацца. Гэтыя дзяўчаты рабiлiся надзейнымi жонкамi. Яны паспыталi, пачым фунт лiха, таму былi верныя.
Лiлi выходзiла замуж у панядзелак. Сёння Роза ў яе гонар давала развiтальную вячэру. Усе прыйшлi, каб апошнi раз пасядзець з Лiлi. Пасля замужжа яна ўжо не прыйдзе сюды.
Роза налiла мне кубачак кавы. Алоiс падбег з вялiзным пiрагом, пасыпаным мiндалём, разынкамi i зялёнымi цукатамi. Роза паклала мне вялiкi кус. Я ведаў, як мне паводзiць сябе. З выглядам знаўцы я адкусiў i паказаў усiм сваiм выглядам вялiзнае захапленне.
- Правалiцца мне ў пекла, упэўнены, што пiрог не з крамы!
- Сама спякла, - сказала Роза, свецячыся ад шчасця. Яна вельмi смачна гатавала, i ёй падабалася, калi гэта заўважалi. Асаблiва добра атрымлiвалiся ў яе гуляшы i пiрагi. Нездарма яна паходзiла з Чэхii.
Я азiрнуўся па баках. Вось яны сядзяць за сталом, працаўнiцы з вiнаграднiкаў пана Бога, непадманныя знаўцы людзей, салдаты кахання - Валi, прыгажуня, у якой нядаўна пад час начной прагулкi на машыне ўкралi гаржэтку з белага пясца; Лiна на драўляным пратэзе, якая ўсё яшчэ знаходзiла кавалераў; Фрыцы, падла, якая любiць пласкаступага Алоiса, хоць даўно ўжо магла мець уласную кватэру i добрага палюбоўнiка, якi ўтрымлiваў бы яе; Чырванашчокая Маргiт, якая заўсёды ходзiць у сукенцы, якую носяць пакаёўкi, i на гэта ловiць элегантных кавалераў; Марыён, самая маладая, усмешлiвая i бестурботная; Кiкi, якога не лiчаць за мужчыну, бо ён носiць жаночае адзенне i фарбуе вусны; саракапяцiгадовая Мiмi, бедалага з хворымi венамi, якой усё цяжэй выходзiць на панель. Было яшчэ некалькi наведнiц бараў i рэстаранаў, незнаёмых мне, i, нарэшце, другi ганаровы госць - маленькая, сiвая, зморшчаная, як печаны яблык, 'мамка', суцяшальнiца i апора ўсiх начных бадзяжнiц, 'мамка', што прадае гарачыя сасiскi на рагу Нiкалайштрасэ - начны буфет i разменная каса. Акрамя франкфурцкiх сасiсак падпольна прадае яшчэ цыгарэты i прэзерватывы. У яе можна пазычыць i грошай.
Я ведаў, як трэба паводзiць сябе. Нiводнага слова пра справы, нiводнага грубага напамiну - забыць выдатныя здольнасцi Розы, за якiя яна атрымала мянушку Жалезны Конь, забыць размовы Фрыцы з гандляром жывёлай Штэфанам Грыгаляйтам пра любоў, забыць танцы Кiкi вакол каша з салёнымi бублiкамi на досвiтку. Размовам за гэтым столiкам магла б пазайздросцiць любая кампанiя аматарак кавы.
- Усё ўжо падрыхтавана, Лiлi?
Тая сцвярджальна кiўнула.
- Пасаг у мяне ўжо даўно гатовы.
- Цудоўны пасаг, - сказала Роза. - Нават сурвэткi з карункамi не забыла.
- Навошта тыя сурвэткi? - спытаў я.
- Ты што, Робi? - Роза зiрнула на мяне з такiм папрокам, што я хуценька заявiў, што прыпомнiў. Ну пэўна ж, сурвэткi з карункамi... Яны былi сiмвалам мяшчанскай утульнасцi, свяшчэнным сiмвалам сям'i, страчанага раю. Нiводная з дзяўчат не была прастытуткай па тэмпераменце. Яны былi ахвярамi буржуазнага быцця. Яны тайна марылi пра сямейны ложак, а не пра грэх. Але ў гэтым яны нiколi не прызнавалiся.
Я сеў да пiянiна. Роза таго толькi i чакала. Яна любiла музыку, як i ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развiтанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якiя любiлi Роза i Лiлi. Для пачатку 'Малiтву нявiннай дзяўчыны'. Назва, праўда, не зусiм пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькi бразготная п'еска. Потым прагучалi 'Птушыны вечаровы спеў', 'Зара ў Альпах', 'Калi памiрае каханне', 'Мiльёны Арлекiна' i на заканчэнне - 'Я хацеў бы на радзiму'. Гэтую песню вельмi любiла Роза. Прастытуткi - вельмi жорсткiя, але i вельмi сентыментальныя. Усе пачалi падпяваць. Пiдар Кiкi спяваў другiм голасам.
Лiлi зазбiралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жанiха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.
- Бывай, Лiлi. Трымайся!
Яна пайшла, нагружаная падарункамi. Клянуся, што ў яе быў зусiм iншы твар, чым да гэтага. Разгладзiлiся жорсткiя рысы, якiя ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на iм сапраўды зноў з'явiлiся сляды дзявоцкасцi.
Мы стаялi ў дзвярах i махалi Лiлi рукой. Мiмi раптам загаласiла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкiх. Калi б ён загiнуў, ёй далi б невялiчкую пенсiю i не давялося б выходзiць на панель.
Роза паляпала яе па спiне.
- Ну, Мiмi, не расслабляйся! Хадзем, вып'ем яшчэ па глытку кавы.
Уся кампанiя вярнулася ў змрочнае памяшканне 'Iнтэрнацыяналя', як кучка курэй у куратнiк. Але добры настрой больш не вярнуўся.
- Сыграй нам пад канец яшчэ, Робi! - сказала Роза. - Што-небудзь вясёленькае.
- Добра, - згадзiўся я. - Давайце грымнем 'Марш старых сяброў'.
Потым я таксама развiтаўся. Роза ўкруцiла мне кавалак пiрага з сабой. Я падараваў яго сыну 'мамкi', якi на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнiя сасiскi.
Я задумаўся, што мне рабiць. Iсцi ў бар зусiм не хацелася. I ў кiно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзiннiк. Восем. Зараз павiнен быў вярнуцца Кёстэр. Калi ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.
У памяшканнi гарэла святло. Не толькi ў памяшканнi - увесь двор быў залiты святлом. Кёстэр быў адзiн.
- Што тут робiцца, Ота? - спытаў я. - Можа, ты прадаў 'кадзiлак'?
Кёстэр засмяяўся.
- Не. Готфрыд зладзiў невялiчкую iлюмiнацыю.
Гарэлi абедзве фары 'кадзiлака'. Машыну паставiлi так, што пукi святла праз акно падалi на двор якраз на квiтнеючую слiву. Карцiна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.
- Выдатна, - сказаў я. - А дзе ж ён?
- Пайшоў прынесцi перакусiць.
- Блiскучая iдэя, - сказаў я. - Мяне крыху хiстае. Але магчыма, што гэта з голаду.
Кёстэр кiўнуў.
- Пад'есцi заўсёды карысна. Асноўны закон усiх старажытных вояў. Я сёння зрабiў таксама нешта хiсткае. Заявiў 'Карла' на гонкi.
- Што? - сказаў я. - Няўжо на шостае?
Ён кiўнуў.
- Чорт вазьмi, Ота, там жа ўдзельнiчаюць усялякiя славутасцi.
Ён зноў кiўнуў.
- У класе спартовых машын - Браўмюлер.
Я закасаў рукавы.
- Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!
- Стоп! - крыкнуў апошнi рамантык, заходзячы. - Спачатку - падвячорак!
Ён дастаў яду - сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу i шпроты. Апетыт у нас быў, як у галодных малацьбiтоў. Мы запiвалi халодным пiвам. Потым мы ўзялiся за 'Карла'. Мы корпалiся з iм дзве гадзiны, праверылi i змазалi ўсе падшыпнiкi. Потым з Ленцам павячэралi яшчэ раз.
Готфрыд цяпер накiраваў святло i на 'форд'. Пры сутыкненнi выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзiралася з пагнутага шасi ў неба.
Ленц задаволена павярнуўся да нас.
- Ну, Робi, цягнi бутэлькi. Давайце адзначым свята квiтнеючага дрэва.
Я паставiў на стол каньяк, джын i дзве чаркi.
- А ты?
- Я не буду пiць.
- Што? Чаму?
- Таму што мне ўжо абрыдлi гэтыя папойкi.
Ленц хвiлiну разглядаў мяне.
- Наша дзiця звiхнулася, Ота, - звярнуўся ён да Кёстара.
- Пакiнь яго, раз не хоча, - адказаў Кёстэр.