- Я ведаю, - сказаў я.

- Гэтымi грашыма мы не пакарыстаемся, - сказала жанчына. - Усё аддадзiм.

- Будуць яшчэ, мацi, - сказаў мужчына. - Будуць яшчэ.

Жанчына нiчога не адказала.

- Пры пераключэннi з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, - сказаў мужчына. - Але гэта не дэфект. Яна i новая скрыгатала.

Ён гаварыў нiбы пра малое дзiця.

- Яна ў нас ужо тры гады, i нiколi нiчога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмiлi... адзiн сябра...

- Нягоднiк, - сказала жанчына жорстка.

- Пакiнь, мацi, - сказаў чалавек i зiрнуў на яе. - Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, мацi?

Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.

- Дайце мне свой адрас, - сказаў Кёстэр. - Магчыма, нам спатрэбiцца шафёр.

Мужчына старанна пiсаў цяжкiмi працавiтымi рукамi. Я зiрнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалi, што толькi цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькi дабiць.

Чалавек усё гаварыў i гаварыў, як у лiхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталiся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзiць машыну зiмой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.

- Ну, хадзем, Альберт, - сказала жанчына.

Мы пацiснулi яму руку. Пачакалi, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцiлi матор.

Праязджаючы па вулiцы, убачылi маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбiваючыся ад дзяцей. Кёстэр спынiўся.

- Куды вам? - спытаў ён у яе.

- Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксi, - запярэчыла яна.

- I не трэба, - сказаў Ота. - Сёння ў мяне дзень нараджэння - катаю дарма.

Яна з недаверам прыцiснула да сябе клетку.

- А пасля запатрабуеце...

Мы супакоiлi яе, i яна села.

- Навошта вы купiлi папугая, мацi? - спытаў я, калi яна вылазiла.

- Для вечароў, - сказала яна. - Вы думаеце, што корм дарагi?

- Не, - сказаў я. - Але як гэта - для вечароў?

- Ён жа ўмее гаварыць, - адказала яна i паглядзела на мяне яснымi старэчымi вачыма. - Вось i будзе iстота, якая гаворыць...

- Ах, вось як... - сказаў я.

Апоўднi прыйшоў булачнiк, каб забраць свой 'форд'. Выгляд у яго быў шэры i засмучаны. Я быў адзiн у двары.

- Вам колер падабаецца? - спытаў я.

- Сыдзе, - сказаў ён i нерашуча паглядзеў на машыну.

- Верх стаў вельмi прыгожы.

- Так...

Ён стаяў i, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганiць задарма - дамкрат, попельнiцу цi нешта падобнае.

Ды было iнакш. Нейкi час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваiмi набеглымi крывёй вачыма i сказаў:

- Як падумаеш... толькi некалькi тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая i здаровая...

Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы яго такога расчуленага, i падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мiнулы раз, ужо насалiла яму. Ад злосцi людзi робяцца сентыментальнымi хутчэй, чым ад кахання.

- Добрая жанчына была, - працягваў ён, - душэўная. Нiколi нiчога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзiла ў адным палiто. Блузкi i iншае шыла сабе сама. I дом вяла адна, без служанкi.

'Ага, - падумаў я. - Новенькая, вiдаць, нiчога гэтага не робiць'. Булачнiку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзiўна, якiм расчуленым зрабiў гэтага прапiтага гуляку ўспамiн пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася нi разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькi картка з вяселля i некалькi 'пяцiхвiлiнак'.

Гэта навяло мяне на думку.

- Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкi, - сказаў я. Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфii з часам выцвiтаюць. Я ведаю мастака - ён зробiць.

Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусiць, вельмi дорага. Я супакоiў яго: калi я прывяду яго, то будзе скiдка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусцiў, заявiўшы: калi ён так любiць сваю жонку, то пра цану i гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзiўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў i расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнiкам паехалi па фотакарткi.

Чарнявая выскачыла з крамы нам насустрач. Яна забегала вакол 'форда'.

- Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсiк! Але ж ты мусiш, вядома, зрабiць па-свойму.

- Ну, перастань, - незадаволена сказаў Пупсiк.

Мы пайшлi ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкi бачылi ўсё. Булачнiк занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткi.

- Пакiнь нас, - нарэшце сказаў ён груба.

Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамi пад туга нацягнутым свiтэрам, яна выскачыла вон. Булачнiк дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькi фотакартак i паказаў мне. Жонка - яшчэ нявеста - а побач ён з закручанымi ўверх вусамi. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлiвымi вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькi дзве маленькiя картачкi - i ўсё жыццё.

- Добра, - сказаў я. - Па iх ён намалюе.

Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многiх, хто насiў жалобу, павага да iх болю была важней, чым сам боль.

На сценах майстэрнi вiсела некалькi салiдных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад iмi - адпаведныя фатаграфii. Кожны клiент мог такiм чынам адразу ўбачыць, што можна зрабiць нават з выцвiлай 'пяцiхвiлiнкi'.

Фердынанд з булачнiкам зрабiлi абход, i ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнiк, у сваю чаргу, спытаў, цi залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананнi. Пасля гэтага булачнiку больш за ўсё спадабаўся самы вялiкi партрэт.

- У вас добры густ, - пахвалiў Фердынанд, - гэта - партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана - 800 марак. З рамай.

Булачнiк уздыхнуў.

- А без рамы?

- Семсот дваццаць.

Булачнiк даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос iльвiнай галавой.

- За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профiль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.

Булачнiк разважыў, што хопiць галавы ў профiль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкi анфас. Па iх нават Тыцыян не зрабiў бы партрэта ў профiль. Булачнiка кiнула ў пот. Вiдаць было, што ён у адчаi з-за сваёй неабачлiвасцi, праяўленай тады яшчэ, калi фатаграфавалiся. Даводзiлася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профiль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволi стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцiшана пракочваўся па майстэрнi. Як спецыялiст я павiнен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнiк неўзабаве спёкся, асаблiва калi Фердынанд апiсаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлiвых суседзяў.

- Добра, - сказаў ён, - але пры разлiку наяўнымi - дзесяць адсоткаў скiдкi.

- Згода, - адказаў Фердынанд, - дзесяць адсоткаў скiдкi i задатак трыста марак на выдаткi - на фарбы i палатно.

Мы яшчэ крыху патаргавалiся, потым сышлiся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату