Булачнiк хацеў, каб на партрэце былi намаляваны жамчужныя пацеркi i залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках iх не было вiдаць.

- Без сумнення, - заявiў Фердынанд, - каштоўнасцi жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслi iх на якую гадзiнку сюды, тады яны атрымалiся б найбольш натуральна.

Булачнiк зачырванеўся.

- У мяне iх ужо няма. Яны... яны ў родзiчаў.

- Ах, вось як. Ну добра, абыдземся i без iх. Брошка была такая, як на гэтым партрэце?

Булачнiк кiўнуў.

- Толькi меншая.

- Цудоўна. Тады зробiм такую. Пацеркi нам увогуле не патрэбны - жэмчуг ёсць жэмчуг.

Булачнiк з палёгкай уздыхнуў.

- А калi партрэт будзе гатовы?

- Праз шэсць тыдняў.

- Добра.

Булачнiк развiтаўся.

Мы з Фердынандам яшчэ нейкi час пасядзелi ў майстэрнi ўдвух.

- Табе на гэта трэба шэсць тыдняў? - спытаў. я.

- Што ты. Чатыры-пяць дзён. Але ж я не магу сказаць пра гэта чалавеку - ён адразу зробiць падлiкi, колькi я зараблю за адну гадзiну, i падлiчыць, што яго падманулi. Шэсць тыдняў - i ён задаволены. Гэткая ж самая лухта i наконт партрэта прынцэсы Баргезэ. Такая ўжо людская натура, дарагi Робi. Калi б я сказаў яму, што гэта швачка, то партрэт здаўся б яму горшым. Мiж iншым, гэта ўжо шостая нябожчыца жонка, якая насiла такiя ж каштоўнасцi, як на тым партрэце. Вось табе гульня выпадку. Партрэт добрай Луiзы Вольф служыць мне выдатнай рэкламай.

Я азiрнуўся. Са сцен узiралiся на мяне вочы з нерухомых твараў, якiя даўно гнiлi ў магiлах. Гэта былi партрэты, якiя не забралi альбо не аплацiлi блiзкiя. I гэта ўсё былi людзi, якiя некалi спадзявалiся i дыхалi.

- Гэта не наганяе на цябе меланхолii, Фердынанд?

Ён пацiснуў плячыма.

- Не, я раблюся надзвычай цынiчным. Меланхолiкам робiшся, калi думаеш пра жыццё, а цынiкам - калi бачыш, як iм распараджаецца большасць жывых.

- Ну, той-сёй адносiцца да яго больш сур'ёзна.

- Вядома. Але гэтыя не заказваюць маляваць партрэты.

Ён устаў.

- А можа, i добра, Робi, што яны ўвесь час занятыя сваiмi важнымi дробязямi, якiя iх падтрымлiваюць i абараняюць. Пачуццё адзiноты - сапраўднай адзiноты, без iлюзiй - прыходзiць перад вар'яцтвам i самагубствам.

Вялiзнае пустое памяшканне плавала ў паўзмроку. У суседнiм пакоi былi чутны крокi. Здавалася, там нехта хадзiў. Гэта была аканомка. Яна нiколi не паказвалася пры нас. Яна нас ненавiдзела, бо ёй здавалася, што мы нацкоўваем на яе Граў. Я пайшоў. Унiзе мяне сустрэў вулiчны шум. Я кiнуўся ў яго, як у цёплую ванну.

XI

Я iшоў да Пат. Я ўпершыню iшоў да яе дамоў. Раней яна сама прыходзiла да мяне альбо я сустракаў яе каля дома, каб разам пайсцi куды-небудзь. Але заўсёды было так, быццам яна прыходзiла ў госцi. Я хацеў ведаць пра яе больш. Я хацеў ведаць, як яна жыве.

Мне прыйшла ў галаву думка, што варта было б прынесцi ёй кветкi. Гэта было лёгка зрабiць. Гарадскi сквер за кiрмашовай плошчай стаяў у буйной квеценi. Я пераскочыў праз агароджу i пачаў аблатошваць белы куст бэзу.

- Што вы там робiце? - раптам прагучаў моцны голас. Я ўзняў вочы. Чалавек, твар якога меў колер бургундскага вiна, з закручанымi сiвымi вусамi глядзеў на мяне з абурэннем. Гэта быў не палiцэйскi i не вартаўнiк. 'Вайсковы чын у адстаўцы', - здагадаўся я адразу.

- Не цяжка зразумець, - адказаў я ветлiва. - Я ламаю бэз.

У чалавека на момант адняло мову.

- Цi вы не ведаеце, што гэта гарадскi сквер? - забурчаў ён разгневана.

Я засмяяўся.

- Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскiмi астравамi?

Чалавек пасiнеў. Я спужаўся, каб яго не разбiў паралюш.

- Прэч адсюль, дзяцюк! - закрычаў ён першакласным казарменным голасам. Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!

Я ўжо наламаў, колькi мне трэба было.

- Тады лавi мяне, дзядуля! - прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу i знiк.

Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвiцы i азiрнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архiтэктуры, поўная процiлегласць старому пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвiцы ляжала чырвоная дарожка. Нiчога падобнага ў панi Залеўскi не было, не гаворачы ўжо пра лiфт.

Пат жыла на трэцiм паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблiчка: 'Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнiк'. Я доўга ўзiраўся на яе. Потым, перш чым пазванiць, мiжволi паправiў гальштук. Адчынiла дзяўчына ў бялюткай наколцы i гэткiм жа беленькiм фартушку - не параўнаць з нашай касавокай няўдалiцай Фрыдай. Мне зрабiлася няёмка.

- Пан Локамп? - спытала яна.

Я кiўнуў.

Яна правяла мяне праз маленькi пярэднi пакой, а потым адчынiла дзверы. Я не вельмi здзiвiўся б, калi б там перада мной з'явiўся падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе i ўсчынiў бы мне допыт, - такiмi сур'ёзнымi здалiся мне партрэты генералаў, якiя, усе ў ордэнах, зласлiва ўзiралiся ў мяне, цывiльнага. Але тут насустрач мне сваiмi прыгожымi вольнымi крокамi выйшла Пат, i пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплынi i весялосцi. Я зачынiў за сабой дзверы i пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.

- Вось, - сказаў я. - Гарадское кiраўнiцтва шле вам прывiтанне.

Яна паставiла кветкi ў вялiкую светлую керамiчную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоi. Мяккiя прыглушаныя колеры, нешматлiкая старая прыгожая мэбля, светла-блакiтны дыван, пастэльных таноў фiранкi на вокнах, зручныя невялiкiя крэслы, абабiтыя выцвiлым аксамiтам...

- Божа мой, як табе пашэнцiла знайсцi такi пакой, Пат? - сказаў я. Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе 'На табе, божа, што мне нягожа' альбо непатрэбныя падарункi, атрыманыя да дня нараджэння.

Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамi. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы i танклявыя рукi. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзiцяцi. Гэтае дзiця трэба было абараняць. Але рухi ў яе былi як у гнуткага звера, i калi яна потым устала i прыхiлiлася да мяне, гэта ўжо было не дзiця. У яе вачах i ў яе вуснах таiлася запытальнае чаканне i таямнiчасць, якiя мяне збянтэжылi. Я думаў, што iх ужо не iснуе ў гэтым брудным свеце.

Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блiзка.

- Гэта мае ўласныя рэчы, Робi. Кватэра раней належала маёй мацi. Калi мацi памерла, я здала яе, а сабе пакiнула гэтыя два пакоi.

- Дык яна ўсё-такi твая? - спытаў я з палёгкай. - А падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?

Яна пахiтала галавой.

- Ужо не мая. Я не змагла ўтрымлiваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусiм. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?

- Нiякай. У мяне проста натуральны страх перад палiцэйскiмi i штабнымi афiцэрамi. Гэта iдзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.

Яна засмяялася.

- Мой бацька таксама быў маёр.

- Маёр - гэта якраз мяжа, - адказаў я.

- Ты знаёмы са старым Хакэ? - спытала яна.

Мяне раптам ахапiла нядобрае прадчуванне.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату