- Сядай, - сказаў ён. - Чаго вып'еш?
- Рому, - адказаў я. - Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблiвыя адносiны.
- Ром - малако салдата, - сказаў Валянцiн. - Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робi.
- Праўда?
- Так, ты памаладзеў.
- Ды што ты, - сказаў я. - За тваё здароўе, Валянцiн.
- На здароўе, Робi.
Мы паставiлi чаркi на стол i глянулi адзiн на аднаго. Потым разам засмяялiся.
- Стары, - сказаў Валянцiн.
- Сябрук, каб цябе... - адказаў я. - Чаго вып'ем яшчэ?
- Паўторым.
- Выдатна.
Фрэд налiў.
- За тваё здароўе, Валянцiн.
- На здароўе, Робi.
- Шыкоўнае выслоўе - на здароўе, праўда?
- Усiм словам слова.
Мы паўтарылi яго яшчэ некалькi разоў. Потым Валянцiн пайшоў.
Я застаўся. Акрамя Фрэда, нiкога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфiчныя карты, караблi з пажоўклымi ветразямi i думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусiў сябе не рабiць гэтага. Я i не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслiвы падарунак, якi як прыйшоў, так i пойдзе - i не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне iмкнецца да вечнасцi i што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нiчога вечнага. Нiчога.
- Налi мне яшчэ чарку, Фрэд, - сказаў я.
У бары з'явiлiся мужчына i жанчына. Каля стойкi яны выпiлi кактэйль з лiкёру i фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына - прагным. Яны неўзабаве пайшлi.
Я выпiў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполуднi не хадзiў да Пат. Я не мог пазбавiцца ад вобраза - пакой, якi ахутваецца паўзмрокам, мяккiя сiнiя вечаровыя ценi i прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваiм нiзкiм хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё i пра жаданне жыць. Што за лiха, я стаў сентыментальны! Але цi не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, цi не захапiла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся i хацеў, цi не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змянiўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, i хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, нi пра адно, нi пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар'яцею ад гора, калi страчу яе... А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе - лухта, да д'ябла ўсё! Цi так важна - падмацаваць крыху жыццё? Усё роўна калi-небудзь накоцiцца вялiзная хваля i злiжа ўсё.
- Вып'ем, Фрэд? - спытаў я.
- Заўжды гатовы, - сказаў ён.
Мы выпiлi два абсенты. Потым кiнулi жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядлiва. Таму мы кiнулi зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькi на пятым разе. Затое тры разы запар.
- Цi я п'яны, цi знадворку нешта грымiць? - спытаў я.
Фрэд прыслухаўся.
- Сапраўды грымiць. Першая навальнiца сёлета.
Мы падышлi да дзвярэй i глянулi на неба. Нiчога не было вiдаць. Стаяла цяплынь, i час ад часу грымеў гром.
- За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпiць яшчэ па адной, - прапанаваў я.
Фрэд прагаласаваў 'за'.
- Нiякага толку ад гэтай вады, - сказаў я i паставiў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзiўся, што трэба было б выпiць нечага мацнейшага. Ён быў за вiшнёвую настойку, я - за ром. Каб не спрачацца, мы выпiлi таго i таго. Каб Фрэду не даводзiлася так часта налiваць - таксама ж праца! - мы ўзялi фужэры. Цяпер мы былi ў выдатным настроi. Час ад часу мы выглядалi на двор, цi блiскае маланка. Нам вельмi хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна блiскала, калi мы сядзелi за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жанiцца ён пакуль што не спяшаўся - чакаў, каяi памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусцiць рэстаран. Я лiчыў, што ён залiшне асцярожны, але ён даводзiў мне, што стары - такая падла, пра якую нiчога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошнi момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптымiст. Стары прастудзiўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмi небяспечны. Я з жалем павiнен быў паведамiць яму, што грып для алкаголiкаў нiчога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякi часам ачуньвалi i нават тлусцелi. Ну i няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапiць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзiўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, цi iдзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькi грымець пачало мацней. Я даў яму выпiць шклянку лiмоннага соку i пайшоў да талефона. У апошнi момант я апамятаўся i вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вiтаючы апарат, i хацеў зняць перад iм капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.
Калi я вярнуўся, тут былi Кёстэр i Ленц.
- Дыхнi на мяне, - сказаў Гртфрыд.
Я дыхнуў.
- Ром, вiшнёўка i абсент, - сказаў ён. - Абсент... парася.
- Калi ты думаеш, што я п'яны, то ты памыляешся, - сказаў я. - Адкуль вы?
- З палiтычнай сходкi. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?
- Лiмонны сок.
- I ты выпi шклянку.
- Заўтра, - адказаў я. - А цяпер я што-небудзь з'ем.
Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.
- Не глядзi на мяне так, Ота, - сказаў я. - Я крыху падпiў ад радасцi. Не з гора.
- Ну i добра, - сказаў ён. - Тады хадзем есцi.
У адзiнаццаць гадзiн я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылi яго за стойкай - ён быў п'яны без памяцi.
- Завядзi яго ў бакоўку, - сказаў Ленц. - Я пакуль што абслужу клiентаў.
Мы з Кёстэрам прывялi Фрэда да памяцi. Мы далi яму выпiць цёплага малака. Яно падзейнiчала iмгненна. Потым мы пасадзiлi яго ў крэсла i загадалi яму адпачыць паўгадзiнкi. Ленц пакуль што справiцца без яго.
Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны i найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос мiксер так, быццам нiчога iншага нiколi не рабiў.
Праз паўгадзiны Фрэд ачуняў. Яго праспiртаваны страўнiк хутка прыходзiў у норму.
- Шкада, Фрэд, - сказаў я. - Нам трэба было спачатку пад'есцi.
- Я зноў у парадку, - адрапартаваў ён, - Бывае карысна.
- Ды так.
Я падышоў да тэлефона i патэлефанаваў Пат. Мне было ўсё роўна, што я думаў перад гэтым. Яна зняла слухаўку.
- Праз пятнаццаць хвiлiн я буду каля дзвярэй дома, - крыкнуў я i хуценька павесiў слухаўку. Я баяўся, што яна, змораная, не захоча нiчога слухаць. Я хацеў бачыць яе.
Яна падышла да дзвярэй. Калi адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, i мы пайшлi па вулiцы, пакуль не злавiлi таксi. Грымеў гром, i блiскала маланка.
- Хутка, зараз пойдзе дождж, - крыкнуў я.
Селi ў машыну. Першыя кроплi забарабанiлi па даху легкавiка. Машына скакала на выбоiнах. I гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна - дождж, горад, выпiўка, усё было велiчна i захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, якi бывае, калi працверазееш пасля выпiўкi. Затарможанасць знiкла, ноч была напоўнена энергiяй i бляскам, нiчога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правiльна.