дзяцей пазiраў жорсткi абрыс салдат з iмгненна выхапленым выразам здзiўлення, тугi, у якой было ўсё, пра што нiколi не гаварылася: мужнасць, i горыч, i прага жыцця, воля выканаць абавязак, адчай, надзея i загадкавая жалоба так рана пазначаных. Праз некалькi дзён пасля гэтага пачалося вялiкае наступленне, i ўжо трэцяга лiпеня ў роце засталося толькi трыццаць два чалавекi. Маер, Хольтхоф i Лютгенс загiнулi...
- Робi! - паклiкала Пат.
Я расплюшчыў вочы. Мне спатрэбiўся нейкi час, каб прыпомнiць, дзе я. Заўседы, калi наплывалi ваенныя ўспамiны, я адразу адключаўся. Пры iншых успамiнах гэтага не было.
Я прыўзняўся. Пат выходзiла з вады. Яна iшла якраз па дарожцы, утворанай на моры сонечным святлом, блiшчастая стужка сцякала з яе плячэй. Яна так была ахутана святлом, што здавалася амаль зялёнай. З кожным крокам наблiжаючыся да пляжа, яна нiбы ўрастала ў шырокi сонечны прамень, пакуль вечаровае сонца не стала над самай яе галавой, як нiмб.
Я зусiм мiжволi ўскочыў - нiбы з iншага свету з'явiўся гэты вобраз: бязмежнае сiняе неба, белыя пенныя марскiя хвалi i прыгожая стройная фiгура на пярэднiм плане, - мне здалося, што я адзiн на белым свеце, а з вады да мяне крочыць першая жанчына. На хвiлiну я адчуў незвычайную цiхую прываблiвую сiлу прыгажосцi i зразумеў, што яна была мацнейшая за ўсё крывавае мiнулае, што яна i павiнна быць мацнейшай - iнакш рухне ўвесь свет, задыхнецца ў жудасным тлуме. I яшчэ больш за ўсё гэта я адчуў, што я iсную, проста iсную, i што Пат iснуе, што я жыву, што я неяк уратаваўся ад жахаў, што ў мяне ёсць вочы, i рукi, i думкi, i палкiя хвалi крывi i што ўсё гэта - цуд, якi цяжка зразумець.
- Робi! - крыкнула Пат яшчэ раз i памахала рукой. Я ўзяў яе халат i хутка пайшоў ёй насустрач.
- Ты занадта доўга была ў вадзе, - сказаў я.
- Я зусiм не замерзла, - адказала яна ледзь чутна.
Я пацалаваў яе ў мокрае плячо.
- Спачатку табе трэба пасцерагчыся.
Яна пахiтала галавой i глянула на мяне ззяючымi вачыма.
- Я даволi доўга асцерагалася.
- Праўда?
- Вядома. Занадта доўга. Хачу быць нарэшце неасцярожнай! - Яна засмяялася i прытулiлася шчакой да мяне. - Давай забудзем пра асцярожнасць, Робi! Не будзем думаць нi пра што, зусiм нi пра што, толькi пра самiх сябе, пра сонца, адпачынак i мора!
- Добра, - сказаў я i ўзяў кашлаты ручнiк. - Спачатку дай я цябе вытру насуха. Калi ты паспела так загарэць?
Яна апранула халат.
- Гэта засталося яшчэ з таго часу, калi я паводзiла сябе асцярожна. Тады я кожны дзень гадзiну загарала на балконе. А ў восем вечара iшла спаць. Сёння ў восем вечара я пайду яшчэ раз купацца.
- Будзе бачна, - сказаў я. - У намерах чалавек заўсёды вялiкi. У ажыццяўленнi - не заўсёды. Гэтым ён i прываблiвы.
З купаннем увечары не атрымалася. Мы зрабiлi прагулку пехатой да вёскi, а на змярканнi пакаталiся на 'сiтраэне', потым Пат раптам адчула недамаганне i папрасiлася дадому. Я i раней часта заўважаў у яе гэта - раптоўны пераход ад ажыўлення да раптоўнай зморы. У яе было няшмат сiлы i нiякiх рэзерваў, хоць па ёй гэтага нельга было заўважыць. Яна заўсёды трацiла ўсе свае ўнутраныя запасы жыццёвай сiлы, i здавалася, што яна нястомная ў сваiм маладым спрыце - але раптоўна наступаў момант, калi яе твар рабiўся бледны, а вочы глыбока западалi. Сiлы пакiдалi яе. Яна стамлялася не паступова, а за некалькi секунд.
- Паедзем дадому, Робi, - сказала яна, i яе прыглушаны голас гучаў на больш нiзкiх нотах, чым звычайна.
- Дадому? Да фройляйн Эльфрыды Мюлер з залатым крыжыкам на шыi? Невядома, што гэты д'ябал прыдумаў тым часам.
- Дадому, Робi, - сказала Пат i зморана схiлiлася да майго пляча. - Тут наш дом.
Я зняў адну руку з руля i абняў яе. Так мы павольна ехалi праз сiнi туманны змрок, i калi нарэшце ўбачылi асветленыя вокны маленькага дамка, якi, нiбы цёмны звярок, прымасцiўся ў куточку роўнай далiны, мне сапраўды здалося, што мы прыехалi дадому.
Фройляйн Мюлер ужо чакала нас. Яна пераапранулася i была не ў чорнай шарсцяной сукенцы, а ў чорнай шаўковай - такога ж пурытанскага крою. Замест крыжыка на шыi цяпер вiсела эмблема сэрца, якара i крыжа адначасова - царкоўны сiмвал веры, надзеi i любовi.
Яна была цяпер значна больш зычлiвая, чым удзень, i спытала, цi згодныя мы павячэраць яйкамi, халодным мясам i вэнджанай рыбай. Яна вячэру ўжо прыгатавала.
- Ну, што ж, - сказаў я.
- Вам не падабаецца? Свежавэнджаная рачная камбала. - Яна глядзела на мяне са страхам.
- Добра, - холадна сказаў я.
- Свежавэнджаная камбала вельмi смачная, - заявiла Пат i з дакорам зiрнула на мяне. - Гэта найлепшая яда нанач, лепшай i прыдумаць нельга ў першы дзень на моры, фройляйн Мюлер. Каб яшчэ гарачанькай гарбаты...
- Ёсць, ёсць! Гарбата сапраўды гарачая! З задавальненнем. Зараз прынясуць.
Фройляйн Мюлер з палёгкай пабегла, шоргаючы шаўковай сукенкай.
- Ты сапраўды не любiш рыбы? - спытала Пат.
- Яшчэ як люблю! Камбалу! Пра яе я мару ўжо некалькi дзён.
- А сам задзiраеш нос. Вось гэта здорава!
- Трэба было аддзячыць за тое, як яна сустрэла нас удзень.
- Ах, божа мой! - Пат засмяялася. - Навошта табе? Я ўжо даўно забылася.
- А я - не, - сказаў я. - Я так лёгка не забываю.
- А варта было б, - падказала Пат.
Прыйшла служанка з падносам. Скура камбалы была залацiстая, як тапаз, яна пахла морам i дымам. На падносе былi яшчэ свежыя крэветкi.
- Я пачынаю забываць, - сказаў я замiлавана. - Акрамя таго, у мяне абуджаецца воўчы апетыт.
- У мяне таксама. Але падай мне спачатку гарачай гарбаты. Дзiўна, як мне холадна. А на дварэ ж вельмi цёпла.
Я зiрнуў на яе. Яна была бледная, хоць i ўсмiхалася.
- Больш i гаворкi не можа быць пра такiя працяглыя купаннi, - сказаў я i спытаў у служанкi: - У вас ёсць ром?
- Што?
- Ром. Пiтво ў бутэльках.
- Ром?
- Ром.
- Няма.
Яна ўтаропiлася на мяне. Твар яе быў падобны на поўню з цеста.
- Няма, - сказала яна яшчэ раз.
- Добра, - сказаў я. - Нiчога. Бывайце. Бог з вамi.
Яна знiкла.
- Якое шчасце, Пат, што ў нас прадбачлiвыя сябры, - сказаў я. - Сёння ранiцай, калi мы ад'язджалi, Ленц паставiў мне ў машыну даволi цяжкi скрутак. Глянем, што там.
Я прынёс пакунак з машыны. Гэта быў карабок з дзвюма бутэлькамi рому, бутэлькай каньяку i бутэлькай партвейну. Я падняў iх на святло.
- Нават ром 'Сен-Джэймс'! Хлопцы надзейныя.
Я адкаркаваў бутэлькi i лiнуў Пат у гарбату. Я заўважыў, што яе рука дрыжала.
- Табе сапраўды так холадна? - спытаў я.
- Было. Цяпер ужо лепш. Добры ром. Але я зараз пайду ў пасцель.
- Iдзi неадкладна, Пат, - сказаў я. - Мы падсунем стол i павячэраем.
Яна паслухалася. Я прынёс ёй яшчэ адну коўдру з майго ложка i падсунуў стол.
- Можа, табе зрабiць сапраўдны грог, Пат? Гэта яшчэ лепш. Я хуценька прыгатую.