на гарадскую плошчу. Сам таксама падаўся туды, штохвiлiны стрымлiваючы выбухi злосцi, якiя вырывалiся з ягоных грудзей. Ён быў упэўнены, што па гэтых сандалях зможа трапiць на след жончынага любоўнiка.
Iдуць яны па вулiцы - гнеўны, з перакошаным ад злосцi тварам Барбар, а за iм звязаны Мiрмекс, якi хоць не быў злоўлены на яўнай здрадзе, аднак мучыўся дакорамi сумлення. Плача ён горкiмi слязьмi i дарма стараецца ўлiтасцiвiць гаспадара.
На шчасце, спатыкаюць яны Фiлезiтара, якi iшоў па сваiх справах. Усхваляваны, але не напалоханы нечаканым вiдовiшчам, успомнiў ён, якую зрабiў у паспешлiвасцi памылку, адразу зразумеў, якiя могуць быць з гэтага вынiкi, дык, не трацячы адвагi, распiхаў нявольнiкаў i з крыкам накiдваецца на Мiрмекса, б'е яго кулакамi па твары (але не вельмi балюча) i прыгаворвае: 'Ах ты нягоднiк, ах ты зладзюга! Няхай цябе твой гаспадар i ўсе нябесныя багi, якiх ты абражаеш iлжывымi клятвамi, загубяць цябе, падлюгу, подлай смерцю! Гэта ты ўчора ў лазнi ўкраў мае сандалi! Клянуся Геркулесам, што ты заслужыў, каб на табе згнiлi гэтыя вяроўкi i ты сам каб не бачыў у цямнiцы свету!'
Пры дапамозе гэтага спрытнага ашуканства маладога чалавека Барбар быў абмануты, уцешаны i да яго вярнуўся давер. Прыйшоўшы дамоў, ён паклiкаў Мiрмекса, аддаў яму сандалi i сказаў, што даруе яму, а ўкрадзеную рэч неабходна вярнуць уладальнiку'.
22. Старая яшчэ прадаўжала сваю балбатню, калi жанчына яе спынiла: 'Шчаслiвая тая, у якой такi моцны i бясстрашны сябра, а ў мяне такi, што ўсяго баiцца, нават калi жорны загудуць цi гэты асёл морду пакажа...' А баба адказвае на гэта: 'Я дастаўлю табе, як па судовай позве, такога любоўнiка, якi будзе надзейным, адважным i нястомным'. Пасля гэтага выходзiць з пакоя, паабяцаўшы, што пад вечар прыйдзе зноў.
А жонка тым часам пачала рыхтаваць сапраўдную каралеўскую вячэру, працэджваць дарагiя вiны, прыпраўляць каўбасы свежымi падлiўкамi. Нарэшце, сабраўшы багаты стол, пачала чакаць палюбоўнiка, быццам якога-небудзь бога, балазе муж адлучыўся з дому на вячэру да суседа-сукнавала.
Калi падышоў канец маёй працы i я быў вызвалены з лямкi, атрымаўшы магчымасць без клопату падмацавацца, клянуся Геркулесам, цешыўся я не столькi таму, што вызваляўся ад работы, колькi таму, што мог без павязкi назiраць за ўсiмi выхадкамi гэтай паганай жанчыны. Сонца, апусцiўшыся ў акiян, асвятляла ўжо iншыя часткi свету, калi з'явiлася тая агiдная старая разам з бесталковым палюбоўнiкам, якi не паспеў яшчэ выйсцi з юнацкага ўзросту. Яго безбароды твар быў настолькi прыгожы, што ён сам мог бы спакусiць адпаведна настроеных каханкаў. Жанчына, спаткаўшы яго незлiчонымi пацалункамi, адразу запрасiла да стала.
23. Але не паспеў юнак прыгубiць першай уступнай чаркi i паспытаць смак вiна, як з'яўляецца муж, вярнуўшыся шмат раней, чым яго чакалi. Тут верная жонка, праклiнаючы свайго мужыка i жадаючы яму, каб паламаў сабе ногi, хавае збялелага i дрыготкага ад страху палюбоўнiка пад драўляны чан для ачысткi збожжа, якi выпадкова там быў.
Пасля таго хiтра, не збянтэжыўшыся, са спакойным тварам пытаецца ў мужа, чаму ён так рана вярнуўся з вячэры ў свайго вернага сябра. А той, не перастаючы горка ўздыхаць, адказвае:
'Не мог я сцярпець грэшнага i нечуванага ўчынку гэтай прапашчай жанчыны i проста ўцёк! Добрыя багi! Гэтакая паважаная матрона, гэтакая верная, гэтакая сцiплая i якiм гнюсным сорамам сябе заплямiла! Гэтакая жанчына!..
Не, клянуся вось гэтай багiняй Цэрэрай, што я нават i цяпер не веру сваiм вачам!'
Зацiкаўленая здарэннем, якое так усхвалявала мужа, i жадаючы даведацца, што сталася, гэта нахабнiца не адстала да той пары, пакуль не дабiлася, што муж расказаў ёй усю гiсторыю з самага пачатку.
Не ведаючы пра свае, ён пачаў расказваць пра чужыя беды:
24. 'Жонка майго сябра сукнавала, жанчына, як здавалася дагэтуль, несумненнай цнатлiвасцi i агульнапрызнаная захавальнiца хатняга парадку, раптам аддалася тайным зносiнам з палюбоўнiкам. Сакрэтныя сустрэчы адбывалiся ў iх пастаянна, i нават у той час, калi мы пасля лазнi прыйшлi на абед, яна практыкавалася ў каханнi з гэтым маладым чалавекам. Устрывожаная нашым з'яўленнем, кiруючыся першай думкай, якая прыйшла ёй у галаву, яна садзiць свайго каханага пад высокую лазовую кашолку, абвешаную з усiх бакоў тканiнай, якую адбельваў дым паленай серкi, закладзенай знiзу. Палiчыўшы, што юнак надзейна схаваны, яна сядае з намi вячэраць. А тым часам малады чалавек, нанюхаўшыся серкi, невыносны смурод якой акружыў яго хмарай, ужо не мог дыхаць i пад уздзеяннем гэтага едкага рэчыва пачынае раз за разам чхаць.
25. Калi муж пачуў чханне першы раз, а яно даносiлася з боку жонкi, з-за яе плячэй, дык падумаў, што чхнула яна, i, паводле звычаю, кажа 'Будзь здарова!' Аднак гэты гук паўтараецца, пасля разлягаецца штораз часцей. Гэты залiшнi катар робiцца гаспадару падазроным, i ён, каб не рабiць больш здагадак, адсоўвае стол, прыпадымае кашолку i знаходзiць там ужо ледзь жывога мужчыну. Поўны абурэння ад такой ганьбы, ён патрабуе меч, збiраючыся забiць гэтага, што памiраў, чалавека. Ледзь стрымаў я яго ад гэтага вар'яцкага парыву, пераконваючы, што вораг i так хутка памрэ ад серкi i не навядзе на яго адказнасцi за сваю гвалтоўную смерць. Памякчэўшы не столькi ад маiх угавораў, колькi змушаны абставiнамi, у якiх апынуўся, ён выносiць ледзь жывога палюбоўнiка ў блiзкi завулак. Тады я пачаў пераконваць яго жонку i нарэшце давёў, што на нейкi час яна павiнна пакiнуць дом i перасялiцца да якой-небудзь знаёмай жанчыны, каб там перачакаць, пакуль астыне гнеў мужа. Можна было спадзявацца, што ён, разгарачаны нястрымнай злосцю, задумае што-небудзь благое супраць яе i самога сябе. Пакiнуўшы з агiдай такую сяброўскую вячэру, я вярнуўся дамоў'.
26. Слухаючы расказ млынара, яго жонка, якая даўно ўжо акунулася ў бессаромнасць i нахабства, пачынае бязлiтасна лаяць сукнавалаву жонку, што i падатная яна, несумленная, ганьба для ўсяго жаночага полу. 'Забыўшыся на сорам i абавязкi жонкi, яна заплямiла дом свайго мужа славай публiчнага дома! Страцiць гонар законнай жонкi, каб атрымаць iмя прадажнай жанчыны! Такiх трэба палiць жыўцом!' - дадала яна. I ўсё ж затоеныя пакуты нячыстага сумлення не давалi ёй спакою. Каб хутчэй вызвалiць свайго спакуснiка са схованкi, яна некалькi разоў намаўляла мужа пайсцi спаць.
Але ён, паспешлiва пакiнуўшы дом суседа, адчуваў голад i ветлiва сказаў ёй, што хацеў бы павячэраць. Жонка хутка падае на стол, хоць i не вельмi ахвотна, бо ежа была нарыхтаваная iншаму.
А мяне да глыбiнi душы абурала нядаўняе злачынства i цяперашняе нахабнае ашуканства гэтай нягоднай жанчыны, i я ламаў галаву, як выкрыць подласць i, перавярнуўшы чан; выставiць на ўсеагульны агляд таго, хто, як чарапаха, пад iм хаваўся.
27. На гэтыя мае пакуты за крыўды гаспадара нарэшце нябёсы звярнулi ўвагу. Настаў час, калi кульгавы стары, якому даручылi даглядаць уючную жывёлу, павёў нас усiх табуном на вадапой. Гэта акалiчнасць паспрыяла здзяйсненню маёй помсты.
Праходзячы каля чана, я заўважыў, што канцы пальцаў каханка высоўваюцца з-пад берага, вiдаць, не памясцiўшыся ў сховiшчы. Збочыўшы са сцежкi, я наступiў са злосцi капытом на тыя пальцы i раструшчыў iх. Крыкнуўшы жаласлiва ад невыноснага болю, ён скiдае з сябе чан, адкрыўшы i паказаўшы такiм чынам сябе i ўсю подласць бессаромнай жанчыны.
А млынар, не вельмi ўсхваляваны парушэннем шлюбнай вернасцi, ветлiва, з ясным i зычлiвым тварам звяртаецца да смяртэльна спалатнелага юнака: 'Не бойся, сынок, з майго боку нiчога благога. Я не варвар i не такi чэрствы мужык, каб за прыкладам сукнавальшчыка знiшчаць цябе смертаносным дымам серкi цi абрынаць на галаву такога прыгожанькага i мiлага хлопчыка суровую кару за пралюбадзейства. Не, я проста падзялюся табой з жонкай. Я ўжыву не форму падзелу маёмасцi, а спосаб агульнага карыстання, каб без спрэчак i папрокаў мы ўсе трое змясцiлiся ў адной пасцелi. Ды я заўсёды жыў з жонкай у такой згодзе, што ў нас, як у людзей разважных, густы заўсёды супадалi. Але сама справядлiвасць вымагае, каб у жонкi не было перад мужам перавагi'.
28. З такiмi жартаўлiвымi словамi ён завёў хлопца да пасцелi, а той хоць i неахвотна, але iшоў за iм. Тады, замкнуўшы ў асобным пакоi сваю цнатлiвую жонку, лёг з маладым чалавекам i выкарыстаў найбольш прыемны спосаб адплаты за свае парушаныя правы мужа.
А калi нябеснае свяцiла прывяло з сабой свiтанне, млынар паклiкаў двух дужэйшых работнiкаў i, загадаўшы падняць юнака чым вышэй, адсцябаў яго розгай па ягадзiцах, прыгаворваючы:
'Сам яшчэ хлапчаня, далiкатны ды маладзенькi, пазбаўляеш каханкаў цвету сваёй маладосцi, парушаючы законы шлюбу i заўчасна стараючыся прысвоiць сабе званне пралюбадзея'.
Паўшчуваўшы яго такiмi ды iншымi вымовамi i дастаткова пакараўшы розгамi, выкiдае яго за дзверы. I вось ён, прыклад бясстрашнага каханка, якi нечакана выйшаў цэлым з небяспекi, калi не лiчыць